Анішчык Віктар Міхайлавіч
(19.04.1945)
Нарадзіўся у г.п. Наваельня Дзятлаўскага раёна.У 1967 г. скончыў фізічны факультэт БДУ і паступіў у аспірантуру пры кафедры фізікі цвёрдага цела. Яшчэ студэнтам В.М.Анішык заняўся даследаваннем структуры і электрычных уласцівасцей вісмуту. Здабытыя звесткі аб электрычнай прыродзе гэтага паўметалічнага крышталя і склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, якую абараніў у 1971 г. Стажыраваўся ў ЗША (1974) і Англіі (1982).
У сярэдзіне 70-х гадоў Віктар Міхайлавіч асвоіў новы напрамак у фізіцы цвёрдага цела – іонна-прамянёвую мадыфікацыю крышталяў, выканаў цыкл работ па даследаванню ўласцівасцей іонна-імплантаваных металічных плёнак, а таксама пераходных металаў і сплаваў на іх аснове. Выяўлены эфект доўгадзеяння іграе істотную ролю у практычным прымяненні іоннай імплантацыі для змацавання дэталей машын і механізмаў. В.М.Анішчык адкрыў структурна-фазавыя пераўтварэнні пры імплантацыі, якія кантралююць механічныя ўласцівасці тэхнічна важных металаў і сплаваў. Атрыманыя навуковыя і практычныя вынікі далі штуршок да напісання паспяхова абароненай у 1990 г. дысертацыі, за што яму прысуджана вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук, а ў 1991 г. прысвоена вучонае званне прафесара.
В.М. Анішчык апублікаваў звыш 150 навуковых работ, напісаў (у суаўтарстве) вучэбны дапаможнік “Структурны аналіз”, выдаў шмат метадычных дапаможнікаў па крышталаграфіі, іоннай імплантацыі і дыфракцыйных метадах даследавання структуры. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук, арганізаваў міжвузаўскі цэнтр структурных даследаванняў, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі “Цвёрдацельныя пераўтваральнікі робататэхнічных сістэм”.
Педагагічная і грамадская дзейнасць В.М. Анішчыка адзначана знакам “Выдатнік народнай адукацыі”, ён узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай адукацыі і рэктарата Белдзяржуніверсітэта.
Літаратура:
Бараноўскі,П.М. Анішчык Віктар Міхайлавіч / П.М.Бараноўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С. 338.
Анішчык Віктар Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Т.1. – Мн., 1996. – С. 372.
Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.