Краязнаўчы праект
Літвінскі
Аляксандр Канстанцінавіч
(01.08.1959-28.08.2006)

    Аляксандр Літвінскі нарадзіўся 1 жніўня 1959 года ў г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння Петразаводскага музычнага вучылішча служыў у арміі. У 1981 годзе вярнуўся на радзіму і стаў кіраўніком дзіцячага духавога аркестра ў г. п. Наваельня. У тым жа 1981 годзе ён стварыў і дарослы духавы аркестр. 3 гэтым калектывам да Літвінскага-кіраўніка прыйшоў першы заслужаны поспех: у 1986 годзе аркестру прысвоена званне "народны", як прызнанне высокага ўзроўню музычнага мастацтва. Калектыў атрымаў пачэс-нае прызнанне з 1986 года, калі тры гады запар з'яўляўся лаўрэатам міжнароднага конкурсу духавых аркестраў у Мінску. 3 1992 па 2003 год - аркестр лепшы на Гродзеншчыне сярод духавых аркестраў. Яшчэ больш тытулаў было ў кіруемага А. К. Літвінскім дзіцячага духавога аркестра.
    У 80-я гады ён лаўрэат рэспубліканскага конкурсу "Чырвоныя гваздзікі" ў Мінску, у апошнія тры гады - лаўрэат Міжнароднага конкурсу дзіцячых духавых аркестраў  "Версаль-Падляскі" ў Польшчы з удзелам калектываў з 18 краін Еўропы. У выніку творчай працы кіраўніка на базе гэтага нараджаецца новы калектыў - дзіцячы духавы аркестр "Наваельнянскія трубачы", які ў 2005 годзе атрымаў ганаровае званне "узорны".
    Створаны ім у 1998 годзе эстрадна-духавы аркестр "Акцэнт", таксама стаў народным, штогод выступаў на абласным джазавым фестывалі "Музычнач восень". У 2004 годзе быў ухзнагароджаны дыпломам ІІІ-яй ступені, прымаў
удзел у "Славянскім базары" ў Віцебску ў 2000 годзе. Заслугі кіраўніка і ўзначальваемых ім калектываў неаднаразова былі адзначаны ганаровымі граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, упраўлення культуры аблвыканкама.
А. К. Літвінскі на працягу 16 гадоў добрасумленна працаваў на пасадзе кіраўніка гурткоў духавога аркестра Дзятлаўскага дома дзіцячай творчасці. Вельмі  добра разумеючы дзяцей, ён  умеў іх заахвоціць, таленавіта разглядзець прыродныя задаткі, здольнасці, перадаючы выхаванцам свой вопыт і майстэрства.
Творчая энергія, працавітасць, арганізатарскія здольнасці, сціпласць і прыстойнасць ва ўзаемаадносінах з людзьмі і калегамі характарызавалі яго чалавечыя якасці. Ён карыстаўся бязмернай павагай бацькоў, настаўнікаў, навучэнцаў. За выніковую працу па выхаванню школьнікаў, развіццё іх творчых здольнасцяў А. К. Літвінскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. У 2003 годзе яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару.  
    Нязменны кіраўнік раённага народнага духавога і дзіцячага раённага духавога аркестраў Аляксандр Канстанцінавіч Літвінскі памёр 28 жніўня 2006 года ва ўзросце 47 гадоў.
    Аляксандр Канстанцінавіч ўсё сваё нядоўгае шчырае жыццё прысвяціў рабоце з дзецьмі, музычнаму мастацтву і быў прыкладам добрасумленных адносін да прафесійнага доўгу.
Літаратура: Варна,Б. Маэстра Аляксандр Літвінскі / Б.Варна // Перамога. - 2006. - 16 жніўня. - №63. - С.2.
Літвінскі Аляксандр Канстанцінавіч // Перамога. - 2006. - 2 верасня. - С.3.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.