Сапега Казімір Леў
(15.07.1609-19.01.1656)
Сын вядомага канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Гэта быў адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу. У пачатку ХVІІ стагоддзя Леў Сапега перадае ўладанні на Дзятлаўшчыне свайму малодшаму сыну Казіміру. Ён атрымаў добрую пачатковую адукацыю ў Віленскай акадэміі, потым працягваў сваё навучанне за мяжой. Аб’ездзіў усю Італію, Францыю і Германію. Авалодаў сямю мовамі. У 1630 г. Казімір Леў вярнуўся ў Вялікае Княства, стаў пісарам, маршалкам, а ў 1645 годзе – падканцлерам княства. У 1634 г. Казімір Сапега прымаў удзел у якасці пасла пры падпісанні Палянаўскага міру з Масквой, з 1637 г. – выконваў абавязкі маршалка надворнага літоўскага, а з 1647 г. – падканцлер літоўскі.
Займаўся Казімір Сапега мецэнацтвам і бібліяфільствам. На яго сродкі быў заснаваны юрыдычны факультэт у Віленскай акадэміі. Праз некаторы час К.Сапега падараваў яму Ружанскі кнігазбор – 3 тысячы кніжак.
Зарэкамендаваў сябе Казімір Сапега як прыхільнік і абаронца рэлігіі. Пад яго кіраўніцтвам і на яго сродкі заснаваліся многія храмы і манастыры. У 1624 г. у Дзятлаве пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, а ў 1646 г. на рыначнай плошчы мястэчка ўзняўся прыгожы і велічны касцёл Успення Багародзіцы, які захаваўся да нашых дзён. У касцёле, пад наглядам Казіміра Сапегі, пачаўся збор цікавай бібліятэкі, якая згарэла падчас пажару 1743 года ў Дзятлаве.
Казімір Сапега валодаў Дзятлавам да 1655 г. і нездоўга да сваёй смерці адпісаў мястэчка швагру пісару Вялікага княства Літоўскага Аляксандру Гіляру Палубінскаму.
Літаратура:
Грыцкевіч,А.П. Сапега Казімір Леў / А.П.Грыцкевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.- Мн., 2002. – Т.14. – С.169.
Сапега Казімір Леў // Памяць: гіст-дакум хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С.38-39.
Сапега Казімір Леў // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. – Дзятлава. – 2007. – С.9.
Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.