Краязнаўчы праект




Астрожскі Канстанцін Іванавіч
(1460-1530)

    Нарадзіўся ў 1460, памёр у 1530 годзе ў Тураве, пражыўшы 70 гадоў, нарадзіўся ў знатнай і багатай сям'і.
Гетман найвышэйшы Вялікага княства Літоўскага, кашталян віленскі, ваявода трокскі, першы ўладальнік Дзятлава, якім валодаў з 1498 года да сваёй смерці. З юнацкіх гадоў Канстанцін захапляўся кніжкамі пра ваенныя падзеі, пра ролю дыпламатаў у міжнародных адносінах. З часам пачаў добра разбірацца ў гэтых справах. Быў заўважаны пры княжацкім двары і стаў атрымліваць адказныя даручэнні. Асабліва праявіў сябе Канстанцін Астрожскі ў ваеннай справе. Перамог больш як у 60 бітвах. У 1491 г. ён найлепшым чынам паказаў сябе ў той момант, калі конніца Вялікага княства Літоўскага дагнала і разбіла татараў пад Ізяславам. Затым К.І.Астрожскі ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татар у 1495 і 1496 гг.  З таго часу ваенныя і дзяржаўныя справы больш за ўсё займалі К.І.Астрожскага. У сваіх гаспадарках ён усё падпарадкоўваў абароне роднай зямлі ад ворагаў. У мястэчках і памесцях будаваў крэпасці: у пачатку 1500 г. у Дзятлаве над рэчкай Дзятлаўкай была ўзведзена драўляна-земляная крэпасць.  Былі ў ваенным жыцці К.І.Астрожскага і няўдачы. У бітве з рускім войскам на р.Вядроша ў ліпені 1500 г. атрад Астрожскага быў цалкам разбіты. Сам гетман трапіў у палон, дзе правёў амаль сем гадоў. У 1507 г. К.І.Астрожскі здолеў уцячы і зноў узначаліў велікакняжацкае войска. У тым жа годзе вялікі князь пацвердзіў правы К.Астрожскага на ўладанне памесцем Здзецел. З таго часу Дзятлава пачало расці, паступова ператвараючыся ў мястэчка.
    Канстанцін Іванавіч быў актыўным абаронцам праваслаўя, будаваў цэрквы ў гарадах Беларусі і Украіны, у Вільні. У Дзятлаве таксама пабудаваў у 1508 годзе невялічкую драўляную царкву. Яна праіснавала доўгі час, але згарэла ў час аднаго з частых пажараў.
    У Аршанскай бітве 1514 г. Астрожскі кіраваў войскамі Вялікага княства Літоўскага, якія паспяхова перамаглі войскі Маскоўскай дзяржавы.
    Пасля смерці жонкі Таццяны Гальшанскай (1522) ажаніўся на князёўне Аляксандры Сямёнаўне Алелькавіч-Слуцкай (1524). У 1527 г. у іх нарадзіўся сын - Канстанцін (Васіль) Астрожскі, які таксама адыграў значную ролю ў гісторыі Дзятлава.
    Смерць Канстанціна Іванавіча Астрожскага ў 1530 г. была значнай стратай для Вялікага княства Літоўскага. За выдатныя заслугі перад радзімай, перад праваслаўнай царквой і выконваючы апошнюю волю самога гетмана, яго пахавалі ў Кіева-Пячэрскай лаўры, пад скляпеннямі Успенскага сабора.
Літаратура:
    Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. - Мн., 1996. -  Т. 2. - С.56.
    Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Памяць: гіст-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997. - С.37-38.   
    Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. - Дзятлава. - 2007. - С.4-5.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.