Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч
(1807-1862)
Нарадзіўся ў в. Нагародавічы Дзятлаўскага раёна, у сям'і дробнапамеснага беларускага шляхціца. Адукацыю, верагодна, атрымаў у Навагрудку. Але гэтага не хапіла для дапытлівага юнака, і ён паступіў у 1826г. ў Віленскі універсітэт на літаратурны факультэт. Па тых часах для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара.
Паралельна з наведваннем лекцый на літфаку Вікенцій браў урокі малявання ў Яна Рустэма, які пастаянна імкнуўся да рэарганізацыі сістэмы выкладання. Гэта ён адным з першых увёў для сваіх навучэнцаў маляванне з жывой натуры, што паглыбіла і ўмацавала ў маладых сэрцах любоў да прыроды наогул.
Да пачатку красавіка 1831г. паўстанне ахапіла ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь. Па сваёй волі ці не, але ж Вікенцій Дмахоўскі апынуўся ў радах змагароў.
У канцы мая 1831г. царскія войскі разбілі паўстанцаў у Мінскай і Віленскай губернях. Ратуючыся ад праследаванняў, Вікенцій вымушаны быў эмігрырываць ва Усходнюю Прусію. Вось калі спатрэбілася яму ўменне маляваць, што давала хоць які, ды ўсё ж надзейны кавалак хлеба.
Нарэшце ў 1837г. цар аб'явіў амністыю, згодна з якой удзельнікаў нядаўняга паўстання перасталі праследаваць. Тады і вырашыў Вікенцій Дмахоўскі вярнуцца ў Вільню. Тут ён цалкам аддаўся творчасці. Працаваў натхнённа, з захапленнем. Пэўна, як адгалосак уражанняў былога паўстання, з'явілася карціна на гістарычную тэму - "Крыжаносцы пры асадзе крэпасці Пуня" (1837).
Родныя краявіды хвалявалі чуллівае сэрца мастака, не давалі яму спакою. Ён часта наведваўся ў сваё небагатае памесце Нагародавічы. Мясцовыя сяляне бачылі Вікенція Ігнатавіча з мальбертам то ў адным, то ў другім месцы ў ваколіцах Вільнюса, Нагародавічаў або дзе-небудзь на Навагрудчыне.
Ён з захапленнем стварае рамантычныя пейзажы "Рака Нерыс каля Верак", "Радзіма" ("Двор у Нагародавічах"), "Вуліца ў Вільні", "Замак у Крэве", "Дом Міцкевіча ў Навагрудку", "Сядзіба ў Туганавічах" і інш.
У першай палове 50-х гадоў Вікенцій Ігнатавіч афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры ("Галька" Манюшкі, "Італьянка ў Алжыры" Расіні, "Фаварытка" і інш.).
На жаль, многае з творчай спадчыны мастака Вікенція Дмахоўскага знаходзіцца па-за межамі радзімы, асеўшы ў музеях Літвы і Польшчы.
Літаратура:
Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч, мастак // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. - Мн., 1997. - С.54-56.
Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18т. - Мн., 1998. - Т.6. - С.167-168.
Дамахоўскі Вікенцій Ігнатавіч: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6т. - Мн., 1996. - Т.3. - С.258-259.
Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. - Мн., 1995. - С.276.
Палховіч,Т. Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч - адзін з заснавальнікаў беларускага рэалістычнага пейзажу / Т.Палховіч // Перамога. - 2007. - 23 чэрвеня. - С.3.
Палховіч,Т. Жыў мастак калісьці на зямлі / Т.Палховіч // Перамога. - 2003. - 22 лютага. - С.2.