Краязнаўчы праект
Дамейка Ігнат
(1802 - 1889)

Ігнат Іпалітавіч Дамейка - вучоны, даследчык, геолаг - нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка Навагрудскага павета Мінскай губерні ў 1802г. У 1812г. вучыўся ў манастырскай школе ў Шчучыне. У 1816 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, дзе поруч з прыродазнаўствам вывучаў гісторыю, літаратуру. Ва універсітэце разам са сваімі землякамі А.Міцкевічам і Я.Чачотам прымаў удзел у тайным таварыстве філаматаў, асноўнымі лозунгамі якога былі: айчына, навука, дабрачыннасць.
    У 1812 г. атрымаў ступень магістра філасофіі. Восенню 1823 г. І.Дамейка разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху арыштаваны і пасля заканчэння следства высланы з Вільні пад нагляд паліцыі ў вёску на Лідчыне, а потым у вёску Жыбуртоўшчына паблізу Дзятлава. Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Жыццё ў глушы было нялёгкім і Дамейка ў сваёй гаспадарцы распачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. Дамейка прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. У Польшчы і на Беларусі, пасля паражэння паўстання разам з сябрамі вымушаны быў эмігрыраваць. У 1832 г. перайшоў граніцу непадалёку ад Круляўца і быў інтэрніраваны прускімі ўладамі. Вызваліўшыся з палону, Дамейка ў Дрэздане сустрэўся з Міцкевічам, і яны выехалі ў Францыю. У Парыжы ён вучыўся ў Вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўніверсітэта, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, дапамагаў Міцкевічу перапісваць рукапісы паэмы "Пан Тадэвуш". Пасля заканчэння вышэйшай горнай школы займаўся даследаваннямі. У 1837 г. ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты зямель былой Рэчы Паспалітай, напісаў геаграфічны каментарый да іх. У 1850 г. ў Парыжы надрукаваны лепшы на той час геаграфічны атлас Польшчы. Такім чынам, Дамейку  можна лічыць заснавальнікам фізіка-геаграфічнага раянавання Польшчы, Беларусі і Літвы. У снежні 1837 г. па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў ён прыняў прапанову чылійскага ўрада і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка Горнай школы ў г.Какімба на поўначы Чылі і 2 лютага 1838 г. адплыў туды. Дамейка прывёз з сабой багаж з кнігамі і абсталяваннем, за тры месяца вывучыў іспанскую мову. У Калімба ён чытаў лекцыі, займаўся вучнямі. Пасля заканчэння  кантракта  Дамейку запрасілі на працу ў сталічны горад Сант'яга з мэтай дапамогі ў правядзенні рэформы ва універсітэце, у 1847г. ён атрымаў ва ўніверсітэце кафедру хіміі, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. У сталіцы Чылі Дамейка арганізаваў службу метэаралогіі, стварыў і рэалізаваў праект новага водаправода. Упершыню ў Лацінскай Амерыцы ён увёў ў Чылі метрычную і горную лабараторыі, тры музеі, у т.л. мінералагічны і этнаграфічны, розныя навуковыя калекцыі. Для даследавання прыродных багаццяў Чылі і пошукаў новых крыніц сыравіны ён арганізаваў навуковыя экспедыцыі ў пустыню Атакі і ў горы, вывучаў вулканы, неаднойчы перасякаў Анды і Кардыльеры.
    З гэтай жа мэтай ён пабываў ў Бразіліі, Уругваі, Перу, Аргенціне і інш. І ўзбагаціў навуку звесткамі пра новыя расліны і мінералы ў гэтых краінах, шматлікія лекавыя крыніцы. Вынікі навуковых пошукаў і адкрыццяў Дамейкі апублікаваны на розных мовах ў 130 яго надрукаваных працах, якія прынеслі яму сусветную вядомасць і славу. Яго навуковыя паведамленні абмяркоўваліся на пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук, публікаваліся ў навуковых часопісах Езропы. Дамейка назаўсёды парадніўся з Чылі, ён быў жанаты з чылійкай, але ніколі не забываў сваю далёкую радзіму і засёды марыў пра яе. У 1884 г. разам з сынам прыязджаў у родныя мясціны, наведаў Мядзведку, Мір, Навагрудак, Крошын, пасадзіў у Крошыне дубок. Памёр Дамейка ў 1889 г.
На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.