Краязнаўчы праект
Дваранін Арсень Міхайлавіч
(13.04.1949)

    Дваранін А.М. нарадзіўся ў в.Малыя Краглі Дзятлаўскага раёна, беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, член Саюза мастакоў рэспублікі Беларусь з 1989 г.
        "У мяне заўсёды шчыміць сэрца, калі сустракаюся з роднымі мясцінамі, бацькамі, аднавяскоўцамі. Хочацца несці ўсім людзям святло, радасць і прыгажосць"- гаворыць Арсень Міхайлавіч
    У 1964 г. закончыў Жукоўшчынскую васьмігодку. Пазней паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, які закончыў у 1968 г. Дыпломнай работай студэнта-выпускніка быў архітэктурны праект, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая работа прынесла першы поспех - яна экспанавалася на ВДНГ у Маскве і атрымала залаты медаль. Пасля заканчэння тэхнікума А.Дваранін працаваў архітэктарам у Брэсцкім праектным інстытуце "Белдзяржпраект". У 1973г. паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які закончыў у 1977г. Дыпломная работа А.Двараніна - праект Мінскага мастацкага вучылішча - экспанавалася на Усесаюзнай выставе дыпломных работ у Вільнюсе. Пазней Арсень Міхайлавіч пераехаў з Мінска ў Гомель, дзе жыве і цяпер.
    Мастак працуе ў жанры жывапісу - партрэт, пейзаж, нацюрморт ("Партрэт сына", "Лістапад", "Лён цвіце", "З матылём" і іншыя).
    А.Дваранін - аўтар многіх праектаў мастацкага аздаблення памяшканняў (Гомельскі музычны коледж, музычная школа і інш.) Шматтраўе і шматквецце беларускіх лугоў і палёў, ціхая пяшчота лясоў знайшлі адлюстраванне ў непаўторных сваёй арыгінальнасцю і прыгожасцю габеленах А. Двараніна. "Асноўная тэма маёй творчасці, - сказаў мастак, - гэта сцвярджэнне прыгажосці прыроды, прыгажосці чалавека".
    Творчасць мастака адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.
    А.Дваранін прымаў удзел у розных абласных і рэспубліканкіх выставах, а таксама міжнародных - у Польшчы (1987г.), Францыі ( 1991г.). У 1995г. ў Францыі была арганізавана персанальная выстава мастака. Яго габелены набылі і дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Гомельскім і Рэчыцкім музеях, а таксама за мяжой - у Францыі, пасольстве Беларусі ў Бельгіі (Брусель), прыватных калекцыях розных краін.
    Нягледзячы на вялікую творчую працу, мастак часта прыязджае на радзіму, у в. Малыя Краглі. Нядаўна мастак падараваў Нагародавіцкай царкве напісаны ім абраз "Маці Боская Усім смуткуючым радасць".
    Яго творы зберагаюцца ў музеях і прыватных калекцыях Францыі, Бельгіі, Расіі, Германіі, ЗША, Галандыі, Польшчы.
Літаратура:
    Дваранін Арсень Міхайлавіч, беларускі мастак // Пяткевіч А.М. Людзі культуры Гродзеншчыны : даведнік. - Гродна, 2000. - С.85-86.
    Літвінава, Т.Ф. Дваранін Арсень Міхайлавіч / Т.Ф.Літвінава // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. - Мн., 1998. - Т.6. - С.75.
    Палховіч,Т. Творца прыгожага (Пра Арсеня Міхайлавіча Двараніна, беларускага мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) / Т.Палховіч // Перамога. - 1999. - С.2.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.