Краязнаўчы праект
Губарэвіч Віталь
  (03.01.1926-1976)

    Нарадзіўся Губарэвіч Віталь ў в. Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У вячэрняй школе, дзе ён вучыўся, вісеў партрэт Сталіна. Нехта аднойчы на партрэце выкалаў вочы. Доўга шукалі вінаватага і рашылі спыніцца на Віталю, хоць сам юнак сцвярджаў, што да гэтай справы дачынення не меў. За той учынак у 1946 г. яго арыштавалі органы НКУС і асудзілі на дзесяць гадоў.
    Далёка ад радзімы, дзе не было беларускага слова, Віталь Губарэвіч пачаў пісаць вершы. У зняволенні ён упершыню пазнаёміўся з творчасцю Ларысы Геніюш, а таксама з ёю асабіста, нават прысвяціў ёй некалькі сваіх вершаў.
    Вярнуўся на радзіму наш зямляк у 1956 г. У роднай вёсцы скончыў вячэрнюю школу працоўнай моладзі, а праз пэўны час і фармацэўтычны факультэт Ленінградскага медінстытута. Пасля вучобы працаваў у аптэках вёскі Наваельня, у Навагрудку, быў загадчыкам аптэкі і ў в. Дварэц. Па-раннейшаму шмат пісаў, займаўся перакладамі з польскай, рускай і нямецкай моў. Асабліва любіў перакладаць гумарэскі з польскага часопіса “Шпількі”, які ён выпісваў.
    Яшчэ ў сталінскіх лагерах Віталь Губарэвіч захварэў на сухоты. Гэтая хвароба з гадамі прагрэсіравала, а ў 1976 г. забрала ў яго жыццё. Пахаваны паэт на Дзятлаўшчыне ў в. Дварэц.
    Літаратура:
          Мешчаракова, В. Мо і я паэтам стаў бы… / В.Мешчаракова // ЛіМ. – 2004. – 15 кастрычніка. – С.4.
          Чыгрын / С. Віталь Губарэвіч / Сяргей Чыгрын // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. – Мн., 1997. – С. 330-331.
На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.