Губко Аляксандр Аляксандравіч
(05.11.1936-10.06.1993)
Нарадзіўся ў в. Хадзяўляны Дзятлаўскага раёна, ў сялянскай сям'і. Беларускі вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі, доктар медыцынскіх навук з 1983г. Пасля заканчэння Дзятлаўскай сярэдняй школы з 1953 г. вучыўся ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце.
Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе галоўнага ўрача Уселюбскай участковай бальніцы Навагрудскага раёна. У 1960 - 1961 гг. - хірург Навагрудскай райбальніцы. У 1961 - 1964 гг. вучыўся ў клінічнай ардынатуры пры БелНДІТА. Працаваў урачом-артапедам Мінскага пратэзнага завода (1964-1967). З 1967 г.-асістэнт, дацэнт (1982), прафесар (1984), загадчык кафедры траўматалогіі, артапедыі і ваенна-палявой хірургіі МДМІ (1987).
У 1966 г. А.А.Губко абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Лячэнне адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых касцей". У 1983 г. - доктарскую на тэму "Інфіцыраваныя пераломы і незрашчэнні касцей". Ён напісаў і выдаў 105 навуковых прац. Лячэбную работу ў клініцы спалучаў з кансультацыйнай дапамогай у лячэбных установах г.Мінска і падшэфнай Гомельскай вобласці.
Вучоны медык быў намеснікам дэкана лячэбнага факультэта Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па навуковай рабоце. Узнагароджаны знакам "Выдатнік аховы здароўя" (1985), ганаровым знакам "Вынаходнік СССР" (1986).
Літаратура:
Бараноўскі,П.М. Губко Аляксандр Аляксандравіч, беларускі вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі / П.М.Бараноўскі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. - Мн.,1997. - С.341-342.
Губко Аляксандр Аляксандравіч, беларускі вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т.5. - Мн., 1997. - С.517-518.
Губко Аляксандр Аляксандравіч // Навукоўцы Дзятлаўшчыны: буклет / Дзятлаўская цэнтральная раённая бібліятэка; склад. Г.В. Лашчэўская. - 2005. - Дзятлава. - 4 с.
Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.