Краязнаўчы праект
Ільюшчыц Кастусь
(Канстанцін Мікалаевіч)
(02.01.1947)

    Нарадзіўся ў г.п. Наваельня Дзятлаўскага раёна. Хутка сям'я пераехала на радзіму бацькоў - у вёску Рог каля Старобіна. У 1960 г. Канстанцін закончыў сямігадовую Рогаўскую школу, а ў 1963 г. - з залатым медалём сярэднюю школу ў вёсцы Скаўшын. Пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута (1968 г.) атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. У гэтым жа годзе Канстанцін Ільюшчыц быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, з якой і звязаў свой лёс. Закончыў Усурыйскае ваеннае аўтамабільнае каманднае вучылішча. За гады ваеннай службы - з 1968 па 1992 гг. Канстанцін Мікалаевіч пабываў у Сібіры, Казахстане, Эстоніі, Літве, на Далёкім Усходзе, у Германіі, але сэрца і думкі заўсёды былі з Беларуссю. У 1992 г. вярнуўся на Радзіму, у Мінску, дзе жыве і цяпер. Узнагароджаны ордэнам "Знак пашаны", медалямі.
    Друкавацца Канстанцін Ільюшчыц пачаў у раённай газеце "Шахцёр" (г.Салігорск). Але пачаткам творчасці лічыць 1965 год, калі ў газеце "Літаратура і мастацтва" з'явілася першая падборка яго вершаў (паэту было 18 гадоў). Вершы кранаюць шчырасцю і свежасцю. Яны напоўнены паэзіяй роднай прыроды, роднага кутка. У 1977 г. ў свет выйшаў зборнік вершаў паэта "Армейскія будні". Ён прысвечаны зямным і штодзённым клопатам чалавека, які сваімі справамі ўпрыгожвае і абараняе Айчыну. Неспакой за мірнае жыццё ўсёй краіны, радасць працы і ў салдацкіх буднях - галоўная тэма другой кнігі паэта "Таёжны гарнізон" (1982 г.). Асобныя творы К.М.Ільюшчыца перакладзены на рускую, украінскую, польскую, грузінскую мовы.
Літаратура:
    Ільюшчыц Канстанцін Мікалаевіч, беларускі паэт // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. - Мн.,1998. - Т .7.- С. 204.
    Палховіч,Т. Служыў Айчыне і пісаў вершы / Т.Палховіч // Перамога. - 2007. - 27 студзеня. - С. 3.
    Бараноўскі,П.М. Ільюшчыц Канстанцін Мікалаевіч / П.М.Бараноўскі // Памяць: гіст. - дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. - Мн., 1997. - С. 342.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.