Канус Іван Іванавіч
(02.05.1934)
Нарадзіўся ў в. Рыбалава Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Беларускі вучоны, доктар медыцынскіх навук (1990), прафесар (1991). Скончыўшы 7 класаў Дзятлаўскай сярэдняй школы № 1, ён паступіў у Баранавіцкую фельчарска-акушэрскую школу. У 1953-1957 г – тэрміновая служба на караблях Балтыйскага і Паўночнага флатоў. Пасля дэмабілізацыі працаваў лячэбным інспектарам Дзятлаўскага райздраўаддзела і адначасова фельчарам Цэнтральнай раённай бальніцы. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім медыцынскім інстытуце.
Пасля заканчэння ВНУ працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Разам з клінічнай працай І.І. Канус праводзіў навуковыя даследаванні аб уплыве розных доз апраменьвання на ход наркозу і пасля аперацыйнага перыяду ў анкалагічных хворых. Па выніках даследаванняў апублікаваў каля 50 артыкулаў. У 1978 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1982 г. выбраны асістэнтам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Займаўся распрацоўкай комплекснай інтэнсіўнай тэрапіі хворым з вострай ныркавай недастатковасцю рознай этыялогіі.
У 1990 г. у Ленінградскай ваенна-медыцынскай акадэміі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Інтэграцыя і дыферэнцыяцыя інтэнсіўнай тэрапіі хворых з вострай ныркавай недастатковасцю рознай этыялогіі”. У гэтым годзе быў выбраны загадчыкам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў і прызначаны галоўным анестэзіёлагам-рэаніматолагам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У снежні 1991 г. на ІІ з’ездзе анестэзіёлагаў РБ быў выбраны прэзідэнтам асацыяцыі анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Апублікаваў звыш 150 навуковых прац. Найбольшую цікавасць уяўляе манаграфія “Асновы анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі ў пытаннях, задачах і адказах”. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана камп’ютэрная сістэма па анестызіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі, якая дазваляе на сучасным узроўні весці навучальны працэс і атэстацыю спецыялістаў.
Літаратура:
Бараноўскі, П.М. Канус Іван Іванавіч / П.М.Бараноўскі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. - Мн.1997. - С.342.
Канус Іван Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн. 1999. – Т.8. – С.9.
Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.