Краязнаўчы праект
Радзівіл  Удальрык Крыштоф
(28.1.1712-21.7.1770)

    Нарадзіўся ў мяст. Дзятлава Слонімскага павета, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і беларускі паэт, гісторык. Сын Мікалая Фаўстына Радзівіла. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. Служыў у войску ВКЛ, меў чын генерал-маёр (1743), генерал-лейтэнант (1748). Удальрык Крыштоф цікавіўся механікай, астраноміяй, у 1761 г . разам з афіцэрамі гарнізона ў Камянцы назіраў Венеру, якая праходзіла якраз праз сонечны дыск. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у т.л. грэчаскую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую. Пісаў вершы, перакладаў на польскую мову творы Сафокла, Карнеля, Расіні. Спрабаваў увесці ў прыдворных тэатрах беларускую мову. Валодаў маёнткамі ў Польшчы і на Украіне. Сучаснікі характарызавалі яго як здольнага, вельмі начытаннага, але схільнага да авантурызму, дзівака і фантазёра. Не разлічваючы на жаночую ўзаемнасць (сваім выглядам "палохаў жанчын"), загадваў мясцоваму мастаку намаляваць партрэт прыгожай дамы і цэлымі днямі іграў на флетравесе  "гімны ў гонар гэтага ідэалу". Маючы пад пяцьдзесят год, ажаніўся на малодзенькай суседцы, чым выклікаў нянавісць усёй сям'і. Пад старасць Удальрык Крыштаф напісаў "даведнік" "Куншт кахання", дзе выкарыстаў свой  "вопыт", так і творы французскіх аўтараў. Зрэшты, некаторыя парады гучаць упаўне разумна: каб спадабацца жанчыне, трэба "трэніравацца" ў літаратуры і мастацтве, не перабольшчваць у пахвальбе, не расказваць аб "атрыманых фаворах".
    Пасля смерці Мікалая Фаўстына ў 1746 г., Дзятлава перайшло да яго сына Станіслава, які валодаў ім да 1770 г. У 1770 г. яго дачка Францішка выйшла замуж за надворнага маршалка Станіслава Солтана (1756-1836), які адкупіў Дзятлава ў свайго цесця.
Літаратура:
    Пазднякоў,В.С. Радзівіл Удальрык Крыштоф / В.С.Пазднякоў // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. - Мн., 2001. - Т.13. - С.213.
    Радзівіл Удальрык Крыштоф // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Мн.,2001. -  Т.6. -  Кн.1. -  С.62.
    Радзівіл Удальрык Крыштоф // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. - Дзятлава. - 2007. - С.14.
    Радзівіл Удальрык Крыштоф // Памяць: гіст-дакум хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С.49.


На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.