Лябецкая Алена Канстанцінаўна
(15.07.1903-28.01.1982)
Нарадзілася Лябецкая А.К. у сялянскай сям'і на хутары Лагуцева Дзятлаўскага раёна, беларуская грамадска-культурная дзеячка. У 1910г. бацькі пераехалі ў Гродна. Тут яна вучылася ў падрыхтоўчым класе жаночай гімназіі. З 1914г. выязджаюць у г.Калуга, дзе вучылася ў жаночай гімназіі. Дамоў вяяртаюцца ў 1920г. З сярэдзіны 20-х уключылася ў грамадска-вызваленчы і культурны рух. Стварала гурткі ТБШ. Арганізатар і удзельнік беларускіх спектакляў, канцэртаў на Дзятлаўшчыне, Слонімшчыне, Зэльвеншчыне. З лістапада 1927г. - сакратар Слонімскай акруговай управы ТБШ. З 1929 г. жыла ў Вільні, працавала ў Галоўнай управе ТБШ, загадвала беларускай бібліятэкай-чытальняй. Сябра заходнебеларускага камітэта па падрыхтоўцы Еўрапейскага сялянскага кангрэса, яго дэлегат. У выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР, апынулася ў 1933г. ў Мінску. Вучылася на геолага-геаграфічным факультэце БДУ (1934-1938), удзельнічала ў рабоце МАДРа. У 1938г. зняволена ў канцлагеры ў Усходняй Сібіры. Выйшла на волю ў 1947г., жыла ў Слоніме. Працавала на службе тэхнічнага ўліку ў Белшахтлесе, затым з 1951 па 1958 гг. - бухгалтарам сектара кінафікацыі ў аддзеле культуры Слонімскага райвыканкама. Надрукавала ўспаміны пра жыццё 20-х - пач.30-х.гг.
Літаратура:
Лябецкая Алена Канстанцінаўна // Пяткевіч А.М. Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік. - Гродна, 2000. - С.190.
Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.