Краязнаўчы праект
Лазовік Дзмітрый Уладзіміравіч
20.03.1964 - 19.07.1983
    Афганістан. Якія там хлопцы загінулі ! Упала, пагасла і жыццёвая зорка Дзмітрыя Лазовіка.
    У 19-гадовага чалавека кароткая біяграфія. Нарадзіўся і вырас у в. Малая Палонка. Закончыў Дварэцкую школу. Потым - Мінскае прафтэхвучылішча, дзе набыў спецыяльнасць фрэзероўшчыка. Некалькі месяцаў працаваў у Мінску і на Дварэцкім ільнозаводзе. У сакавіку 1983 года быў прызваны ў Савецкую Армію.
Далей былі толькі пісьмы...
"...Трапіў служыць у Усць-Каменагорск. Хлопцы добрыя. Служба ідзе нармальна. Беларусаў вельмі мала. Мама, не хвалюйся і не плач. У мяне ўсё будзе добра. Пішы, як там гаспадарка, як ты спраўляешся ? Не затрымлівайся з адказам. Вельмі чакаю..."
"...Спёка стаіць да 40 градусаў. Мы ўжо загарэлі. У роце 9 казахстанцаў. Раней яны выдзяляліся сярод нас. Цяпер аднолькава ўсе чорныя ад сонца. Ці пасадзілі бульбу ?  Хто дапамагаў ?  Як ты, мама, сябе адчуваеш ?  Чакайце пісьма з новага месца службы..."
Новым месцам службы стаў Афган. Блізкіх на радзіме Дзіма папярэдзіў:
"Накіруюць служыць у Туркменскую акругу. Сюды ўваходзіў і Афганістан. Маме аб гэтым не пісаў. І вы, калі ласка, не гаварыце, каб не плакала".
"...Мамачка, дарагая мая. Не плач, прашу цябе. Служба ідзе добра. Хлоп-цы побач таксама добрыя. Чакай ад мяне пісьма. Я буду пісаць часта..."
Наступных пісем мама не прычакала. Чакае. Насуперак апошняй жыццёвай даце сына - 19 ліпеня 1983 года.
Мама чакае…
Літаратура:
Варна,Б. Афганскі боль: [Лазовік Дзмітрый] / Б.Варна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. - Мн., 1997. - С.347..   

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.