Краязнаўчы праект
Павачка Уладзімір Уладзіміравіч

    Прапаршчык міліцыі Уладзімір Уладзіміравіч Павачка, міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы аддзела ўнутраных справаў Дзятлаўскага райвыканкама служыць у міліцыі з лістапада 1990 года. Сваімі добразычлівымі адносінамі да таварышаў па службе, добрасумленнымі - да выканання службовых абавязкаў ён заслужыў павагу сярод супрацоўнікаў аддзела. Баявую школу гарту і мужнасці Уладзімір Уладзіміравіч прайшоў у перыяд службы ва Узброеных Сілах пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане.
    А пачалося ўсё з таго, што просты вясковы хлопец з Трахімавічаў Дзятлаўскага раёна ў кастрычніку 1985 года быў прызваны ў рады Савецкай Арміі і накіраваны ў Чырвонасцяжную Сярэдне-азіяцкую пагранічную акругу. Пасля праходжання падрыхтоўкі, спецыяльнай камісіі ён у сакавіку 1986 года разам з таварышамі па службе апынуўся ў гарах Афганістана, каля горада Тулукан.
Няпроста ён прывыкаў да ваеннай абстаноўкі, мясцовага клімату, фізічных нагрузак, але вясковая працавітасць, фізічная падрыхтоўка дапамаглі яму выстаяць у няпростых ваенных умовах. 3 таго часу прайшло больш за 20 гадоў, але і сёння Уладзімір Уладзіміравіч памятае перыяд службы ў Афгане да самых дробязей.
За час службы не раз прыходзілася яму сутыкацца тварам да твару з узброенымі баевікамі, пад абстрэлам суправаджаць калоны. Нясцерпны боль пранізваў сэрца, калі на вачах гінулі баявыя таварышы.
    У снежні 1987 года Уладзімір Уладзіміравіч дэмабілізаваўся, працаваў у мясцовым калгасе, на станкабудаўнічым заводзе ў Баранавічах і затым паступіў на службу ў органы ўнутраных справаў.
Героем сябе Уладзімір Уладзіміравіч не лічыць. Ён, як і многія іншыя, сум-ленна выканаў свой абавязак - абавязак грамадзяніна і абаронцы сваёй Радзімы.   
Літаратура:
    Сачык,А. Абавязак грамадзяніна сваёй Радзімы:[Павачка Уладзімір Уладзіміравіч ] А.Сачык; фота // Перамога. - 2009. - №12. - С.3.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.