Краязнаўчы праект
Радомскі Сяргей  Вікенцьевіч

    Афганістан... Часцей за ўсё людзі ўспрымаюць гэтае слова не як геаграфічную назву, а як назву кровапралітнай вайны, якая забрала з сабой шмат маладых жыццяў. Для тых, хто служыў у тыя часы, Афган - гэта частка іх лёсу. Давялося пабачыць жудасныя малюнкі вайны і нашаму земляку Сяргею Радомскаму, ураджэнцу вёскі Лявонавічы.
Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак ад ваенкамата прайшоў вадзіцельскія курсы на грузавы аўтамабіль пры Казлоўшчынскім вучылішчы, пасля чаго паступіў у Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум на спецыяльнасць "Тэхнік-будаўнік".
     -  Я не дарэмна абраў менавіта гэтую спецыяльнасць. Мой бацька працаваў будаўніком, таму я меў паняцце, сам спрабаваў штосьці рабіць, - расказвае мой субяседнік.
У 1986 годзе Сяргей закончыў навучанне, але папрацаваць па прафесіі яму не давялося ні дня. Калі ён пайшоў знімацца з уліку ў ваенкамат, атрымаў павестку ў армію. Прызвалі юнака ў Чырвонасцяжную сярэднеазіяцкую акругу, пагранічныя войскі. Спачатку праходзіў службу ў вучэбцы, пасля быў вадзіцелем грузавога аўтамабіля ў аўтароце, узводзе забеспячэння Пянджскага пагранічнага атрада. У абавязкі ўваходзіла транспартыроўка грузаў па за-ставах, пасля ездзіў у калонах з грузамі па гарачых кропках.
Сяргей Радомскі з саслужыўцамі на грузавіках, гэта былі ў асноўным "Уралы" і "Зілы", дастаўлялі на кропкі дровы, паліва, боепрыпасы. Калі ехалі на кропкі, збіралі максімум транспарту. Калоны суправаджалі БМП, БТР, з паветра прыкрывалі верталёты Мі-8 і Мі-24.
    - Калоны часта абстрэльвалі, асабліва пярэднія машыны. Каб захаваць жыццё астатнім, у кабіне машыны знаходзіўся толькі вадзіцель, які гінуў у першую чаргу. Асабліва цяжка было перасоўвацца ў сухое надвор'е. Тады асфальтаваных дарог амаль не было, у асноўным пясчаныя. У машыны, якая ішла першай, была лепшая бачнасць, астатнія рухаліся амаль усляпую. Калі па-дымаўся пыл, машыны рухаліся па ліхтарах пярэдніх. Галоўным было даставіць груз за больш кароткі тэрмін, хутка разгрузіць машыны і вяртацца, бо калі рухалася вялікая калона, ішло хуткае апавяшчэнне і пачынаўся абстрэл. Здаралася, што грузы дастаўлялі тыдзень. Тады прыходзілася начаваць у машынах, або на зямлі ў палявых умовах. Не хочацца нават і ўспамінаць. Гэтыя ўспаміны - боль у сэрцы кожнага, хто ваяваў, - расказвае Сяргей Радомскі.
Літаратура:
    Лях,Г. Дарога сапраўднага мужчыны/ Ганна Лях // Перамога. - 2008. - №15. - 23 лютага. - С.3.
    Ступчык,Н.Прайсці вайну і вярнуцца/Н.Ступчык; фота // Перамога. - 2010. - №14. - 20 лютага. - С.2.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.