Краязнаўчы праект
Шымук Віктар
(Вікенцій Мікалаевіч)
(2.04.1933-1.09.1998)

    Нарадзіўся  ў в. Змяёўцы Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям'і.
    Жылі бедна, мелі ўсяго 3 га зямлі. Бацьку даводзілася зарабляць грошы на лесапілцы ў Дзятлава. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі восенню 1939г. бацьку Вікенція Шымука выбралі першым старшынёй калгаса імя Молатава. На гэтай пасадзе ён працаваў да самай вайны. Вікенцій пайшоў у школу, што адчынілася ў Янаўшчыне, у былым панскім маёнтку. Але вучыўся нядоўга - пачалася вайна. Пасля вызвалення Дзятлава ад акупантаў Вікенцій Шымук наведваў школу ў Дзятлаве.
    Пасля заканчэння 8 класаў Вікенцій Шымук пачаў працаваць адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты "За новую вёску". Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951г. паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ імя У.І.Леніна. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце "Калгасная праўда". Пасля заканчэння універсітэта застаўся працаваць у газеце. Працаваў таксама ў газеце "Звязда", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва". З 1977 года - намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё. В.М.Шымук - член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1964г. Ён вядомы чытачу як шчыры лірык, чалавек дасціпны, не абыякавы да праблем жыцця, прынцыповы, які з уласцівым яму гумарам выкрывае недахопы нашай рэчаіснасці, аўтар шматлікіх кніг. Сярод іх паэмы "Каля Броннай гары" (1960), зборнікі вершаў "Мы вясне дапамагалі" (1962), "Світанне" (1972) і інш. Шмат нарысаў Віктара Шымука прысвечана героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны.
    На многія вершы паэта напісаны песні. Віктар Шымук займаецца перакладамі, піша крытычныя матэрыялы аб творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Увагу яго прыцягвае пытанне адраджэння беларускай нацыяльнай культуры, мовы нашага народа.
Літаратура:
    Абрамчык,А. Светлай памяці земляка / А.Абрамчык // Перамога. - 1999. - 3 красавіка. - С.2.
    Варна,Б. Над Нёманам сінім / Б.Варна // Перамога. - 1998. - 1 красавіка. - С.2.
    Голуб,А. Шымук Віктар / А.Голуб // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. - Мн., 1997. - С.345-346.
    Голуб,А. Пясняр Прынёмання / А.Голуб // Перамога. - 1991. - 20 ліпеня. - С.2.
    Шымук Віктар // Пяткевіч А.М. Людзі культуры з Гродзеншчыны: даведнік. - Гродна, 2000.  -  С.338.
    Шымук Віктар  // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. - Мн., 1992. - Т.6. - С.419-425.
    Шымук Віктар // Беларускія пісьменнікі (1917-1990): даведнік. - Мн., 1994. - С.615-616.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.