Краязнаўчы праект
Салодкая
Святлана Аляксандраўна

    Ансамбль: "Свята"... Тут сабраліся людзі асаблівыя, самаадданыя, а то і фанатычныя рупліўцы роднай культуры і яе самабытнасці. Святлана Аляксандраўна Салодкая - душа ансамбля. Імя гэтай спявачкі, лаўрэата многіх конкурсаў і фестываляў не зыходзіць з канцэртных афіш як у рэспубліцы, так і за яе межамі. Салістка Белдзяржфілармоніі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Салодкая заўсёды карыстаецца поспехам у публікі.
Жыццё яе было нялёгкім. Бацька - інвалід Вялікай Айчыннай вайны - памёр, калі дзяўчынцы было ўсяго два гады. Засталася з маці, сястрой і трыма братамі. Але ішоў час. Вучылася ў школе, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Тут Святлана пазнала многа народных песень, адчула асалоду ў творчасці. Асабліва палюбіла роднае слова. А спяваць пачала з малога ўзросту. Гэтаму яе навучыла маці - Тамара Іванаўна, якая сама была непасрэднай удзельніцай свят, абрадаў, вячорак у вёсцы Дудзічы, што на Дзятлаўшчыне.
    Вялікая фальклорная спадчына дасталася Святлане ад маці. Неўзабаве паступіла на харавое аддзяленне Баранавіцкага музычнага вучылішча. У 1978 г. скончыла і была накіравана ў Дзяржаўны народны хор імя Г. Цітовіча. 3 таго часу звязала жыццё з народнай песняй, прапагандуе песенную спадчыну нашага народа.
- Музыка і слова цесна звязаны паміж сабою, - кажа яна. - А песенны скарб нашага народа, бадай, самы багаты ў свеце. Прапагандаваць беларускае слова трэба найперш праз цудоўныя беларускія песні, песенны фальклор, бо слова з мелодыяй лепш даходзіць да сэрцаў людзей.
    У 1984 г. пры Белдзяржфілармоніі быў створаны ансамбль народнай музыкі "Свята". Сюды запрасілі працаваць і Святлану Аляксандраўну. Тут яна яшчэ глыбей пазнаёмілася з народнай песняй. У час паездак па роднай Беларусі ўважліва слухала старэнькіх бабуль і дзядуль, старанна запаўняла магнітафонныя касеты фальклорнымі скарбамі. Добра ведаючы каляндарна-абрадавую, сямейна-абрадавую паэзію, Святлана дала багаты матэрыял, які знайшоў увасабленне ў ансамблі народнай музыкі "Свята". Высокапрафесійны, унікальны ў сваім родзе калектыў ансамбля - актыўны прапагандыст дасягненняў беларускай кулыуры.
Глыбока сімвалічная і назва ансамбля. "Свята" - значыць святкаваць, адпачываць. I трэба сказаць, што сваёй назве ён адпавядае. А калі ўлічыць нашу цяперашнюю цікавасць да фальклору, дык з'яўленне ансамбля "Свята" можна лічыць сапраўдным святам. Канцэпцыя творчасці - нагадаць старадаўнія беларускія песні і танцы, адрадзіць колішнія культурныя традыцыі Беларусі.
    У выкананні Святланы Салодкай гордыя,  трагічныя,  гарэзлівыя льюцца і льюцца са сцэны беларускія песні - сапраўдныя нацыянальныя дыяменты.
Літаратура: Бараноўскі,П.М. Салодкая Святлана Аляксандраўна / П.М.Бараноўскі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. - Мн., 1997. - С.351.

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
    Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.