Валуевіч
Аляксандр Аляксандравіч
1926
Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Хадасы Навагрудскага раёна ў беларускай сялянскай сям'і. За польскаю ўладаю скончыў 7 класаў польскай школы. У 1939 годзе ўлада змянілася на савецкую. Прадстаўнікі новай улады сабралі сялян на сход і аб'явілі: "Таварышы ! Мы вас вызвалілі ад здзекаў палякаў, якія прымушалі вашых дзяцей вучыцца на чужой мове. Цяпер вашы дзеці будуць вучыцца на рускай мове". Бацькі незадаволена зашумелі: роднаю моваю сялян была беларуская. Шасці-і сямікласнікі польскай школы пайшлі вучыцца ў пяты клас беларускамоўнай школы ў вёсцы Дзяляцічы, рускую мову там выкладалі як прадмет.
У чэрвені 1941-га пачалася вайна. Наляцела віхураю. Чырвоная Армія адступала, кідаючы тэхніку, зброю. 3 тых дзён, акрамя бамбёжак нёманскіх пераправаў, Аляксандру запомнілася, як трое салдат з афіцэрам спра-бавалі вывезці за Нёман боепрыпасы. У машыне закончыўся бензін. Мясцовыя жыхары падказалі ваенным, што ў вёсцы Вераскава ёсць спіртзавод і там можна раздабыць спірт. Спірт падвезлі, але машына ўсё роўна не завялася. Яе спіхнулі ў раку разам з боепрыпасамі. Было шмат акружэнцаў з ліку чырвонаармейцаў, яны ратаваліся па хатах. Немцы, заняўшы вёску, дапытваліся: "Ці ёсць русіш зольдатэн?" Жыхары адмоўна ківалі: няма. Але здарылася недарэчнасць: адзін з акружэнцаў сам выйшаў з хаты. Немцы яго арыштавалі. Сялянам пагрозліва аб'явілі, што іх трэба пакараць за падман. Спалох быў немаленькі: з узброенымі людзьмі у час вайны не жартуюць. Але абышлося.
Кінутай зброі ў наваколлі было нямала. Саша з бацькам знайшлі ў лесе чатыры гранаты і вінтоўку, схавалі ў гумне. Захоўваць зброю немцы пад пагрозаю расстрэлу забаранілі. Але і з сялянскай ашчаднасці: не выракацца маёмасці і з прадбачлівасці, а раптам давядзецца бараніцца ад якіх рабаўнікоў - вайна ж на свеце -зброю ўсё ж пакінулі.
У 1944 годзе акупанты аб'явілі пра набор моладзі для працы ў Германіі. Пяцёра вясковых хлопцаў, Сашыных сябрукоў, вырашылі падацца ў партызаны. Тады і спатрэбіліся прыхаваныя вінтоўка з гранатамі. Гэтак васем-наццацігадовы Аляксандр апынуўся ў атрадзе Жданава партызанскай брыгады імя Дзяржынскага, штаб якога мясціўся за чатыры кіламетры ад вёскі. У партызаны пайшлі мужчыны і хлопцы з суседніх вёсак Чарэшля, Багрова, Зенявічы. Партызанская брыгада налічвала да 1200 чалавек - была немалою сілаю. 3-за лініі фронту чакалі самалёт са зброяю, боепрыпасамі. За сямнац-цаць кіламетраў ад Стоўбцаў стаяў хутар, паблізу яго партызаны зрабілі пасадачную паласу для самалёта, якую пільна вартавалі. 23 дні ахоўваў гэту паласу і Аляксандр.
Літаратура:
Нагавонская,Ж. Высокае званне - настаўнік: [Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч] / Жанна Нагавонская // Перамога. - 2010. - №17. - С.6.
Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.