Патрыятычная гадзіна “Разам мы — Беларусь”, прысвечаная Дню народнага адзінства, адбылася ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы напярэдадні свята 16 верасня. У атмасферы цеплыні, павагі і еднасці ўдзельнікі мерапрыемства з гонарам узгадалі гістарычныя падзеі, што аб’ядналі беларускі народ, паразважалі над каштоўнасцямі незалежнасці і згоды, а таксама пазнаёміліся з літаратурнымі і культурнымі сведчаннямі нацыянальнай самасвядомасці. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары горада.
Мерапрыемства распачалося і завяршылася ўрачыстым выкананнем Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь, што падкрэсліла патрыятычны характар падзеі. У межах мерапрыемства былі прадстаўлены відэаматэрыялы пра гісторыю свята, важныя гістарычныя факты, а таксама ўспаміны пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, што пакінулі глыбокі след у лёсе беларускага народа. Увазе слухачоў была прапанавана тэматычная выстава “Разам мы — Беларусь”, дзе былі прадстаўлены кнігі, фактаграфічныя матэрыялы, дакументы і краязнаўчыя матэрыялы, якія адлюстроўваюць шлях да нацыянальнага адзінства, гераічныя старонкі гісторыі і культурную спадчыну роднага краю. Удзельнікі патрыятычнага часу адказалі на пытанні віктарыны, дзе таксама паказалі адзінства поглядаў, намераў і спраў. І зразумела, агульнае фота, усе разам, са шчаслівымі ўсмешкамі і ўпэўненасцю ў шчаслівым заўтра. У якасці памятнага сувеніра прысутныя атрымалі каляндарыкі і закладкі з выявамі горада Дзятлава — як знак любові да родных мясцін.
