5 чэрвеня для юнага пакалення дзятлаўчан урачыста адкрылі бібліятэчны сезон. Дзятву запрасілі на бібліяарбат у “Город приклюЧтений”, дзе ў абліччы казачных герояў на гульнявых інтэрактыўных пляцоўках іх сустракалі супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, Раклевіцкай сельскай бібліятэкі-клуба і Хвінявіцкай сельскай бібліятэкі-клуба. Маленькіх гасцей віталі Каралева Кніга, Карлсан, Баба Яга, да якіх далучыліся роставыя лялькі.
Разам яны падбіралі рыфмы, адгадвалі загадкі, пабывалі на скрыжаванні Гульнявым, вуліцы Літаратурнай, завулку Казачным, збочылі на вулачку фальклорную, пазнаёміліся з лепшымі дзіцячымі кнігамі.
Вясёлыя іспыты ў Казачным завулку для хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавала Баба Яга, з якой яны накіраваліся ў падарожжа па казках, каталіся на вясёлай мятле, надзявалі чароўны капялюш.
Не абышлося свята і без пачастункаў.
Развітваючыся з работнікамі бібліятэкі, дзеці паабяцалі на працягу лета як мага часцей прыходзіць па цікавыя кнігі, весці дзённікі чытальнікаў і далучацца да інтэрактыўных гульняў на літаратурныя тэмы.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.