У апошнія гады ў Беларусі, і Дзятлаўшчына не выключэнне, павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі і крадзяжамі маёмасці шляхам мадыфікацыі такой інфармацыі.
– Прыярытэтным кірункам службовай дзейнасці ў 2025 годзе вызначана ўдасканаленне работы па супрацьдзеянні злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій, – расказаў следчы раённага аддзела Следчага камітэта Аляксей Клок. – Пры сустрэчах у працоўных калектывах і праз сродкі масавай інфармацыі мы нагадваем насельніцтву правілы паводзінаў у інтэрнэце.
Памятайце, што пры карыстанні сацыяльнымі сеткамі і месенджарамі не трэба пераходзіць па спасылках, атрыманых ад незнаёмцаў. Калі ж просьба аб прадастаўленні рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак паступіла ад асобы з катэгорыі “сябры”, абавязкова звяжыцеся з гэтым чалавекам напрамую па тэлефоне ці іншым шляхам. Пры выяўленні факта несанкцыянаванага доступу і блакіравання вашага акаўнта ў сацыяльнай сетцы, хутчэй папярэджвайце людзей, з якімі ў ёй кантактуеце. Не перасылайце па інтэрнэце асабістыя дакументы, рэквізіты і выявы банкаўскіх картак, коды пацвярджэння і сеансавыя ключы да інтэрнэт-банкінгу. Калі па Вайберы ці Ватсапе вам тэлефануюць “супрацоўнікі банка”, будзьце ўпэўнены, што гэта махляры, бо сапраўдныя спецыялісты не выкарыстоўваюць месенджары для сувязі з кліентамі. Хутчэй спыніце такую размову і не называйце свае асабістыя даныя. Тэрмінова звяжыцеся з банкам і заблакіруйце разліковы рахунак і асабісты электронны кабінет, калі даведаліся, што ў махляроў ёсць вашы банкаўскія рэквізіты.