Сярод імён, якія сладаюць гонар і славу беларускага народа, пачэснае месца займае імя нашага земляка – ураджэнца вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна Ігната Сымонавіча Дварчаніна. Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння. Менавіта з гэтай нагоды 6 чэрвеня ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшоў літаратурны партрэт земляка “Мы ганарымся ім”. Загадчык бібліятэкі расказала пра кароткае (усяго 42 гады), але яркае жыццё нашага земляка, які горача і самааддана любіў сваю Радзіму і народ. Ён быў таленавітым паэтам і перакладчыкам, літаратуразнаўцам і публіцыстам, педагогам і выдаўцом, культурным і грамадскім дзеячам. Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка–краязнаўчага музея Вольга Цюшляева пазнаёміла з экспанатамі пра нашага знакамітага земляка, якія захоўваюцца ў музеі. Яна паказала гасцям хрэстаматыю беларускай літаратуры, дзе Дварчанін сабраў творы лепшых беларускіх пісьменнікаў да кастрычніцкага перыяду; доктарскую дысертацыю, за якую атрымаў званне доктара філасофіі; часопісы з надрукаванымі вершамі Ігната Сымонавіча, фотакарткі і такі каштоўны экспанат, як пісьмо ў Таварыства беларускай школы, напісанае яго рукой. Памяць пра Ігната Дварчаніна захоўваецца ў сэрцах нашых землякоў, жыхароў Дзятлаўшчыны. У гонар яго названа Жукоўшчынская школа, вывешаны мемарыяльныя дошкі на доме вёскі Погіры, будынку раённай бальніцы. На плошчы 17 Верасня стаіць на гранітным пастаменце бронзавы бюст Ігнату Дварчаніну. Гэта і ёсць удзячная даніна нашчадкаў свайму славутаму земляку.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.