У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прафсаюзны прыём грамадзян па пытаннях тлумачэння нормаў заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў, правялі прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш” Ірына Клімовіч і пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. На сустрэчу былі запрошаны працаўнікі сферы культуры.
Ірына Эльдараўна расказала пра асаблівасці рэгулявання працы жанчын і работнікаў, якія маюць сямейныя абавязкі. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, якія існуюць абмежаванні на прымяненне працы цяжарных жанчын і тых, у каго дзеці ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў або інваліды; хто мае права на перавод на лёгкую працу; якія гарантыі прадугледжаны пры падаўжэнні (заключэнні новага) кантракта; пры якіх умовах забаронена звальняць работнікаў.
Віталій Юрго спыніўся на расследаванні крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паколькі напярэдадні Вялікай Перамогі тэма гэта вельмі актуальная. Шмат работы было зроблена: дапрошана амаль 20 000 пацярпелых і сведак, праведзена больш за паўтысячы аглядаў участкаў мясцовасці верагодных месцаў знішчэння і пахавання мірных людзей, устаноўлена больш за 12 тысяч спаленых населеных пунктаў і шмат іншага.
Віталій Станіслававіч адзначыў, што на Дзятлаўшчыне цяпер вядзецца работа ў адносінах трох асобаў, якія прымалі ўдзел у расстрэле мірнага насельніцтва нашага раёна ў гады вайны. Заўважыў, што работа па ўвекавечанні памяці тых страшных падзей будзе прадаўжацца, каб не даць зарадзіцца неафашызму ў Беларусі, як гэта адбываецца апошнім часам у суседніх краінах. Неабходна шанаваць гэту памяць, а не перапісваць гісторыю.
Некалькі чалавек прыйшлі на асабісты прыём да спецыялістаў. Работніца аднаго з прадпрыемстваў горада Дзятлава звярнулася па пытанні аплаты працы. Яшчэ адна дзятлаўчанка цікавілася льготай па вылічэнні падаходнага падатку ў сувязі з аплатай крэдыту на жыллё. Ім былі дадзены падрабязныя тлумачэнні і пытанні вырашаны.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.