Штогод 26 красавіка ў нашай краіне ўшаноўваюць памяць тых, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, з дня якой прайшло ўжо 39 гадоў. Сёлета нераўнадушныя да гэтай падзеі дзятлаўчане сабраліся ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы, каб яшчэ раз узгадаць тыя страшныя дні і мужных людзей, якія з першых гадзін змагаліся з аварыяй.
– Гэты дзень прымушае нас задумацца пра магчымыя наступствы дзейнасці чалавека, пра наш неаплатны абавязак перад тымі, хто, рызыкуючы ўласным жыццём, выратаваў свет ад радыеактыўнай катастрофы. Памяць аб трагедыі незагойнай ранай застаецца ў душы нашага народа. Аварыя расцэньваецца як найбуйнейшая ў сваім родзе за ўсю гісторыю ядзернай энергетыкі, – пачалі аповед вядучыя.
З першых гадзін пасля выбуху Міністэрства абароны і ваенкаматы накіравалі для правядзення выратавальных работ дзясяткі, сотні тысяч вайскоўцаў і рэзервістаў, забяспечвалі іх замену. У першы год у “зоне” і на станцыі працавалі больш за 10 тысяч чалавек. З 2 тысяч населеных пунктаў перасялілі 200 тысяч чалавек. 30-кіламетровая зона вакол станцыі да гэтага часу афіцыйна лічыцца непрыдатнай для пражывання людзей і гаспадарчай дзейнасці, хоць частка жыхароў, у асноўным сталага веку, вярнулася ў свае дамы насуперак рэкамендацыям уладаў. У чацвёртым рэактары па-ранейшаму захоўваецца каля 200 тон ядзерных матэрыялаў.
Пройдуць гады і дзесяцігоддзі, а чорны дзень гэтай трагедыі ўсё роўна будзе хваляваць людзей – і тых, каго ён не абышоў, і тых, хто народзіцца далёка ад таго месца. Гэты дзень заўсёды будзе аб’ядноўваць усіх, хто жыве адным успамінам, адным смуткам, адной надзеяй.
Той, хто цяпер жыве на гэтай Зямлі, павінен выразна разумець, які далікатны мір на планеце. У нашай памяці назаўжды застанецца Чарнобыльская катастрофа як папярэджанне чалавецтву.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць усіх загінулых.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.