© ДУК «Дзятлаўская раённая бібліятэка». Усе правы абаронены.
ПОДЗВІГУ - 75 ГОД
(з гісторыі вызвалення Беларусі)
   Амаль 75 гадоў мінула з дня пераможнага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны і ўжо адзначае беларускі народ  75-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Зямля залячыла нанесеныя ёй раны. Але людзі помняць вайну. Яна і сёння жыве ў сэрцах і справах пакаленняў. Неўміручая слава герояў, адстаяўшых свабоду і незалежнасць Айчыны. Яна жыве ў памяці народнай. Іх подзвігі ўвекавечаны ў шматлікіх мемарыялах, помніках, манументах і абелісках на нашай зямлі і за яе межамі.
   Ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза ўзведзена больш за 100 тыс. помнікаў і мемарыялаў. Усе яны - сведчанне вялікай трагедыі і вялікай славы нашага народа. Hа беларускай зямлі няма такога месца, якое не было б сведчаннем народнага  подзвігу.  Помнікі, мемарыялы, абеліскі... 3 імёнамі тых, хто не вярнуўся з вайны, і без імёнаў. У нашай рэспубліцы іх каля 8,5 тысяч. Пад імі спяць вечным сном сыны Айчыны - воіны, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, расстраляныя і закатаваныя гітлераўцамі.
   Увекавечванне памяці загінуўшых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пачалося яшчэ ў ваенныя гады. Кожны загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага заканчваўся словамi: "Вечная слава героям, якія палі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!". Увекавечыць памяць аб важнейшых бітвах імкнуліся перш за ўсё самі воіны. Так, першы помнік героям Сталінграда быў устаноўлены 12 снежня 1943 года воінамі 19-й танкавай брыгады ў г.Калач.
   У сакавіку 1944 года СНК БССР прыняў пастанову "Аб ахове і выкарыстанні гістарычных і архітэктурных помнікаў і ўвекавечванні памятных месц і падзей, якія звязаны з вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Пасля заканчэння вайны, у ліпені 1945 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон "Аб азнаменаванні Перамогі і ўвекавечванні памяці воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза". Дзень 3 ліпеня, гаварылася ў законе, кожны год адзначаць як усенароднае свята Перамогі і вызвалення беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; устанавіць помнік Перамогі ў горадзе Мінску, помнікі на магілах воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам; увекавечыць памяць паўшых абаронцаў Радзімы ў песнях, паэмах, творах культуры; арганізаваць шэфства над магіламі загінуўшых патрыётаў.
   У 1966 годзе ўрад рэспублікі прыняў рашэнне аб узвядзенні помніка 9200 беларускім вёскам, якія былі знішчаны фашыстамі. Такім помнікам стаў Хатынскі мемарыял адкрыты 5 ліпеня 1969 года.
Асобае месца ў гераічнай барацьбе савецкага народа займае Брэсцкая крэпасць-герой. Яе справядліва называюць універсітэтам мужнасці. Велічны мемарыял крэпасці-герою быў адкрыты 25 верасня 1971 года. Ён  адлюстраваў бяспрыкладны гераізм савецкіх людзей у першыя гадзіны і дні Вялікай Айчыннай вайны. Крэпасць абаранялі прадстаўнікі 33 нацыянальнасцей былога Савецкага Саюза. Кампазіцыйным цэнтрам ансамбля з'яўляюцца галоўны манумент "Мужнасць" - скульптура воіна і штык-абеліск. 3 манументам арганічна звязаны трох'ярусны некропаль, дзе пахаваны астанкі 850 абаронцаў крэпасці. Побач з руінамі былога інжынернага ўпраўлення гарыць Вечны агонь Славы. Перад ім - адлітыя з бронзы словы: "Стаялі насмерць, слава героям!".
   Пры актыўным удзеле насельніцтва (прымала ўдзел звыш мільёна чалавек) узведзены і 5 жніўня 1969 года адкрыты Курган Славы - даніна ўдзячнасці беларускага народа сваім вызваліцелям - воінам Чырвонай Арміі. У Беларусі насыпана больш за 100 курганоў Славы з мемарыяльнымі архітэктурнымі ці скульптурнымі надбудовамі, якія ўвекавечваюць подзвіг нашага народа.
   Помнікі танкістам установлены ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Барысаве, Бабруйску і іншых гарадах.
Як сімвал неўміручай славы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узвышаецца ў Мінску на плошчы Перамогі велічны помнік-абеліск. Перад ім гарыць Вечны агонь - жывы напамін аб незабыўных подзвігах патрыётаў, аддаўшых жыццё за Радзіму. Творчасцю саміх працоўных з'яўляецца помнік "Мінск - горад-герой".
   Сярод слаўных старонак, упісаных беларускім народам у нашу Вялікую Перамогу, самая значная па размаху, бяспрыкладная па мужнасці з'яўляецца трохгадовая партызанская барацьба з гітлераўскімі акупантамі. Барацьба, якая ва ўсім свеце выклікала павагу і захапленне гераічнай рэспублікай-партызанкай. Адным з самых значных помнікаў народным мсціўцам з'яўляецца мемарыял "Прарыў", які створаны ў 1971 года паблізу гарадскога пасёлка Ушачы ў гонар прарыву 5 мая 1944 года  варожай блакады партызанамі 16 брыгад у ходзе Полацка-Лепельскай бітвы. На вяршыні ўзгорка ў разрыве бетоннай глыбы бронзавая 9-метровая фігура партызана, нахіленая наперад. Побач умураваны 33 надмагільныя пліты з імёнамі герояў прарыву.
   Шматлікія помнікі і мемарыялы землякам - удзельнікам вайны ўзведзены практычна ва ўсіх гарадах і пасёлках, шматлікіх вёсках нашай рэспублікі. На многіх з іх пералічаны прозвішчы загінуўшых, каля падножжа -  Вечны агонь.
   Імёны воінаў, партызан, падпольшчыкаў увекавечаны таксама ў назвах паркаў, плошчаў, праспектаў, вуліц гарадоў і гарадскіх пасёлкаў. У гэтых адносінах характэрна сталіца Беларусі - Мінск. Яе вуліцы сталі своеасаблівымі помнікамі славы героям Вялікай Айчыннай вайны.
   Своеасаблівым летапісам народнага подзвігу стала кніга "Навечна ў памяці народнай", у якой сабраны біяграфіі больш за 2 тысячы Герояў Савецкага Саюза, прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцей, якія змагаліся за вызваленне Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў.
   Праяўленнем глыбокай павагі і светлай памяці воінаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, расстраляных і спаленых жывымі, уяўляецца 146-томнае выданне гісторыка-дакументальных хронік "Памяць", якое было завершана да 60-годдзя Вялікай Перамогі. У гэтых унікальных кнігах на ўзроўні кожнага горада і раёна нашай рэспублікі пададзены ўсе асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў рэгіёнах, паймённа названы ўсе воіны Чырвонай Арміі, якія загінулі пры абароне і вызваленні Беларусі; воіны-землякі, партызаны, падпольшчыкі, загінуўшыя на вайне, а таксама мірныя жыхары кожнага горада, пасёлка, вёскі, расстраляныя і закатаваныя нямецка-фашысцкімі акупантамі.
   Ніхто не забыты, нішто не забыта - гераічнае мінулае навекі ў памяці народнай. Яно адчувальна жыве ў сённяшнім дні. Славай ветэранаў, несуцешным болем страт жыве гэтае мінулае ў свядомасці і сэрцах не толькі людзей старэйшага пакалення, але і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, якія не ведалі жахаў вайны. Жыве і вучыць жыць па самых высокіх мерках патрыятызму і маралі. Вучыць ненавідзець вайну, цаніць і абараняць мір.
   Не магло быць інакш: на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў беларусы і да гэтага зведалі не адну жахлівую і змрочную навалу ваенных падзей і страт. Але ж выжылі, не зніклі з твару зямлі, не страцілі чалавечай годнасці, не ператварыліся ў жорсткае, агрэсіўнае супольніцтва ваяроў-захопнікаў альбо, наадварот, у аморфнае, падуладнае рабскаму лёсу, абыякавае да сваёй гісторыі і зямных каранёў племя.
   3 моманту з'яўлення першага следу нямецка-фашысцкага бота, гусеніцы гітлераўскага танка, на нашай святой зямлі, сэрца кожнага беларуса запалала гневам і няскоранасцю. Ужо ў найцяжэйшы для ўсіх 1941 год факелы людской мужнасці беларусаў зліліся ва ўсеабдымнае полымя іх гераічнай барацьбы з захопнікамі. Полымя, якое дзень за днём шырылася, мацнела, ахоплівала гарады і вёскі, пранікала ў самыя аддаленыя, затоеныя хутарочкі сярод прыхільных сэрцу беларусаў, лясоў ці балот. I не маглі ўжо загасіць гэта полымя ні рэгулярныя, ні спецыяльныя карныя войскі фашыстаў, ні агідныя дзеянні здраднікаў, ні катаванні і пакуты нашага люду ў гестапаўскіх засценках, ні кулямётныя чэргі альбо аўтаматныя стрэлы ды чорныя дымы лагераў смерці. Бо быў, ёсць і будзе беларускі народ - міралюбівы, спакойны, адданы Радзіме і ласкавы да сваёй зямлі, добразычлівы ў адносінах з усімі блізкімі і далёкімі суседзямі і адначасова рашучы і самаахвярны ў ліхія часы варожых нашэсцяў.
   1400 дзён і начэй знаходзілася наша Беларусь пад фашысцкай акупацыяй. Не змаўкала барацьба народа супраць навалы "Карычневай чумы".
   Паспяховая перамога Чырвонай Арміі пад Курскам стварыла ёй спрыяльныя магчымасці для агульнага контрнаступлення на германска-савецкім фронце.
   23 верасня 1943 года 13-я армія Цэнтральнага фронту фарсіравала Дняпро і вызваліла 1-ы раённы цэнтр Беларусі - Камарын.
   У выніку наступальных аперацый Чырвонай Арміі з верасня 1943 года па красавік 1944 года была вызвалена прыкладна пятая частка тэрыторыі Беларусі.
   Паспяховыя аперацыі Чырвонай Арміі ў 1943 годзе дазволілі стварыць спрыяльныя ўмовы для далейшага наступлення, хаця армія Германіі была яшчэ дастаткова моцнай. На савецка-германскім фронце вораг меў каля 4,9 млн.салдат і афіцэраў, звыш 5 тысяч танкаў і самаходных ўстановак, 3 тысяч самалётаў.
   Галоўнай задачай летня-асенняй кампаніі Чырвонай Арміі ў 1944 годзе было выгнанне фашысцкіх захопнікаў з ўсёй тэрыторыі СССР ад Баранцава да Чорнага мора.
   Галоўны ўдар усёй кампаніі 1944 года ажыццяўляўся Чырвонай Арміяй у Беларусі і ў паўночна-заходняй частцы Украіны.
Фашысцкая група армій "Цэнтр" была яшэ моцнай. Абарона ворага добра арганізавана і складалася з невялікіх рубяжоў і распрасціралася ўглыб на 250-270 кіламетраў.
   Планам аперацыі "Баграціён", зацверджаным стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага 30 мая 1944 года, прадугледжвалася нанесці магутныя наступальныя ўдары па фашысцкай групе армій "Цэнтр" сіламі 4-х франтоў: 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх (камандуючыя-генералы: І.Х.Баграмян, К.К.Ракасоўскі, Г.Ф.Захараў, І.Д.Чарняхоўскі), Дняпроўскай ваеннай флатыліі, а таксама 1-ай арміяй Войска Польскага і авіяцыяй далёкага дзеяння.
   Важная роля надавалася ўдзелу ў бітве беларускіх партызан. У гэты час у тыле ворага знаходзілася 150 партызанскіх брыгад і 49 асобна дзеючых атрадаў.
   БШПР распрацаваў план сумесных дзеянняў з камандаваннем усіх 4-х франтоў. Галоўная задача партызан - зрыў перавозак ворага па чыгунцы, шасейных і грунтовых дарогах, разгром складоў, штабоў, асобных гарнізонаў, а таксама ахова мясцовага насельніцтва.
   Напярэдадні аперацыі, 20 чэрвеня, беларускія партызаны і спецпадраздзяленні Чырвонай Арміі ў тыле нямецкай групы армій "Цэнтр" ажыццявілі больш за 12 тысяч акцый: падарвалі масты, чыгуначнае палатно, электрастанцыі, перарэзалі тэлефонныя і тэлеграфныя правады фашыстаў.
   Усяго за тую ноч партызаны Беларусі ўзарвалі звыш 40 тысяч рэек: гэта аперацыя паклала пачатак трэцяму этапу "Рэйкавай вайны". Удар быў настолькі магутным, што ў выніку яго многія чыгуначныя магістралі гітлераўцы не змаглі аднавіць да канца аперацыі "Баграціен".

















       Аперацыя "Баграціен" ахоплівае час з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года. У выніку таленавіта праведзенай аперацыі 3 ліпеня 1944 года Мінск  быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
       Больш 150 тысяч салдат і афіцэраў вермахта апынулася ў гіганцкім катле. 17 ліпеня 1944 года ў Маскве, па Садоваму кальцу, у саправаджэнні канвоя, правялі 57 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, узятых у палон у Беларусі.
       У выніку аперацыі "Баграціён" на беларускіх землях была разгромлена адна з мацнейшых груповак немцаў - група армій "Цэнтр".
       Для гітлераўцаў гэта бітва стала не меншай катастрофай, чым паражэнне іх пад Сталінградам.
       Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала магчымым дзякуючы мужнасці, стойкасці, самаахвярнасці ўсяго савецкага народа ў тыле і на фронце, байцоў, камандзіраў Чырвонай Арміі, таленту палкаводцаў: Маршалаў СССР А.М.Васілеўскага і Г.К.Жукава, камандуючых франтамі: І.Х.Баграмяна,                К.К.Ракасоўскага, Г.Ф.Захарава, І.Д.Чарняхоўскага; партызан і падпольшчыкаў Беларусі.
       Звыш 1500 савецкім воінам за вызваленне Беларусі было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза, 402 тысячы чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі.