Краязнаўчы праект

На сайт бiблiятэкi
Галоўная
Iх імёны ў гісторыі краю
   Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Дзятлаўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада. Дзятлаўская зямля багата на выдатных асоб. Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.
Мяцеліца
Іван Пятровіч
(2.05.1919 - 5.03.1972)

    Іван Пятровіч нарадзіўся 2 мая 1919 года ў вёсцы Беляі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і селяніна.
1934 годзе скончыў Ходчанскую няпоўную сярэднюю школу, паступіў у Аршанскае пед вучылішча. Пасля навучання быў накіраваны на працу настаўнікам сельскай школы. Са жніўня 1936 года працаваў загадчыкам пачатковай школы ў вёсцы Свідань, затым загадчыкам Прусінскай няпоўнай сярэдняй школы Талочынскага раёна.
    У кастрычніку 1939 года быў прызваны на ваенную службу ў РККА, знаходзіўся ў горадзе Ачынску ў якасці чырвонаармейца 321 - га лёгкага артылерыйскага палка. З сакавіка 1940 па май 1941 года - чырвонаармеец 241 - га гаўбічнага артылерыйскага палка ў горадзе Мурманску. З чэрвеня па лістапад 1941 года - камандзір аддзялення гэтага ж палка Паўночна - Заходняга фронту.
    З лістапада 1941 па сакавік 1943 года - намеснік палітрука і старшага батарэі 327 - га артылерыйскага палка Карэльскага фронту. У чэрвені 1942 года ўступіў у рады ВКП(б).
    У сакавіку 1943 - га быў накіраваны на вучобу ў першае Ленінградскае каманднае артылерыйскае вучылішча, якое знаходзілася ў той час у горадзе Энгельсе. Пасля вучобы назначаны камандзірам узвода кіравання 588 - га артылерыйскага палка 83-й стралковай дывізіі Карэльскага фронту. Быў цяжка паранены і пасля шпіталя накіраваны ў 928 - ы артылерыйскі полк 367-й стралковай дывізіі ў якасці камандзіра разведкі дывізіёна Карэльскага фронту. Пасля вайны прадоўжыў службу на розных афіцэрскіх пасадах да ліпеня 1947 года.
    Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Віцебскую вобласць, дзе працаваў прапагандыстам Сенненскага райкама партыі, затым вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КП(б)Б у г. Мінску. Пасля заканчэння быў накіраваны на працу ў Дзятлаўскі райкам партыі, дзе да сакавіка 1955 года быў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Дзятлаўскага РК КПБ, выкладчыкам гісторыі КПСС райпарт школы.
    Іван Мяцеліца працаваў намеснікам старшыні выканкама Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, дырэктарам Дзятлаўскай сярэдняй школы працоўнай моладзі, затым настаўнікам гісторыі і геаграфіі. Выбіраўся членам Дзятлаўскага РК КПБ і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў працоўных.
У 1961 годзе завочна скончыў пяць курсаў Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС.
    Да апошніх дзён свайго жыцця Іван Пятровіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці пасёлка, выбіраўся сакратаром партыйнай арганізацыі сярэдняй школы № 2, праводзіў вялікую работу па ваенна - патрыятычным выхаванні моладзі.
    Іван Мяцеліца ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "50 гадоў Узброеных Сіл СССР", "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна", "За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945 г.", "20 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945 г".
       Памёр Іван Пятровіч 5 сакавіка 1972 года.
Дакументы і ўзнагароды яго экспануюцца ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка - краязнаўчым музеі.

Іван Мяцеліца: пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны г. Дзятлава // Перамога. - 2025. - 26 красавіка. - С. 5.