У межах святкавання 75-годдзя Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў на Гродзеншчыне прайшла акцыя “Прафсаюзы за турызм”, да якой далучыліся і супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сектара культуры Дзятлаўскага райвыканкама.
Экскурсійную праграму для ўдзельнікаў акцыі правяла спецыяліст па турызме раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык, якая расказала гісторыю князёў і старадаўняй архітэктуры на Дзятлаўшчыне, паведаміла пра жыццё мясцовых яўрэяў і іх масавае знішчэнне, лёс інтэрнацыянальных дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сваім уражаннем падзялілася дырэктар бібліятэкі Вольга Бойка:
— На такой экскурсіі я ўпершыню, мне ўсё вельмі спадабалася. Нягледзячы на тое, што працую ў бібліятэцы, шмат якія факты гісторыі я дагэтуль не ведала. Вельмі ўразілі факты з жыцця яўрэяў, я нават узгадала, калі пачынала працаваць маладым спецыялістам пасля ўніверсітэта, як да нас на мерапрыемства ў бібліятэку прыходзілі Абрам Каплан і яго жонка. Разам з прафсаюзным актывам мы пабывалі на Аўгустоўскім канале, у Брэсцкай крэпасці, Будславе, Гярвятах. Але не менш важным, на маю думку, з’яўляецца спазнанне свайго роднага краю.
