З 17 па 21 лютага ў Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы-цэнтры агульнадаступнай інфармацыі праходзіла акцыя “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”, прымеркаваная да Дня роднай мовы. Да гэтай акцыі ў файе была падрыхтавана фотазона “Роднаму слову гучаць вечна” з ручнікамі з элементамі беларускага арнамента, выказваннямі пра мову і заданнямі для наведвальнікаў, а на абанеменце аформлена кніжная выстава “Гімн роднай мове” з паліцамі “Ключ да ўсіх навук”, “Чарадзеі роднага слова” і “Слаўнае багацце мовы”. У першы дзень прайшоў урок фальклору  “З мудрым нагаварыцца – што мёдам наталіцца” для вучняў 4 “Б” класа ДУК “Казлоўшчынская сярэдняя школа”. Вядучыя ў нацыянальных касцюмах сустрэлі дзяцей. Ім былі прапанаваны заданні “Адгадай загадку”, скласці са слоў прыказку, адказаць на пытанні віктарыны  “Таямніцы беларускіх слоў”, знаёмства з выставай “Гімн роднай мове”.

19 лютага для вучняў 7 класа быў праведзены эрудыт-шоў “Знаўцы роднай мовы”. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды “Несцерка” і “Адэлька” працавалі дружна і зладжана. Нягледзячы на тое, што ў гульні былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволены гульнёй.На працягу ўсіх дзён наведвальнікі адгадвалі вясёлыя беларускія загадкі, тлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі, а работнікі мясцовага дома культуры і дасуга спявалі беларускія народныя песні. Усім  бібліятэкары раздавалі закладкі.

Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і мы змаглі данесці да ўсіх роднае беларускае слова.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.