Вось і дачакаліся мы сапраўднага летняга сонейка і цяпла. Лета – гэта такая пара, калі хочацца праводзіць на свежым паветры як мага больш часу. У памяшканнях становіцца горача, а цёплы гарэзлівы ветрык, веючы з адкрытых вокнаў, так і маніць пайсці пагуляць. У юных аматараў чытання з’явілася магчымасць правесці час з карысцю і з задавальненнем. Напачатку чэрвеня пачала сваю работу летняя пляцоўка дзяржаўнай установы культуры «Дзятлаўская раённая бібліятэка» пад назвай «На хвалях летняга пазітыву». У чацвер, 11 чэрвеня, у скверы каля будынку раённай бібліятэкі аддзел абслугоўвання і інфармацыі арганізаваў кніжна – ілюстраваную выставу «Чытальня пад адкрытым небам». Юныя чытачы з вялікай цікаўнасцю праглядвалі экспанаваную дзіцячую мастацкую літаратуру, маляўнічыя часопісы. Не засталіся без увагі і дарослыя чытальнікі. Шырокі густ кніг на самыя разнастайныя інтарэсы можна было пачытаць на свежым паветры ў цяньку пад кронай магутных дрэў. Побач з дзіцячай выставай для таго, каб можна было бавіць свой час не толькі з кнігай, была зроблена гульнёвая зона. Вялікі плюс летняй пляцоўкі ў тым, што пры знаёмстве дзяцей з літаратурнымі выданнямі, дзеці не пазбаўлены зносін адзін з адным і актыўнага адпачынку.