Дварчанін Ігнат
(08.06.1895-08.12.1937)
Нарадзіўся Дварчанін Ігнат Сямёнавіч ў в. Погіры Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1909-1912 гг. вучыўся ў “настаўніцкай школе” ў Дзятлаве. Быў настаўнікам пачатковай школы (1912-1915) у в.Хмяльніца Слонімскага раёна. У 1915–1917гг. служыў у войску, скончыў школу прапаршчыкаў (1915). Удзельнік з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску (сакавік 1917). У пачатку 1918г. працаваў у газеце “Вольная Беларусь” (Мінск). У Маскве, у Белнацкаме — сакратаром культурна — асветнага аддзела. Удзельнік маскоўскай нарады настаўнікаў школ Беларусі (ліпень 1918). Неўзабаве выехаў на радзіму. У Дзятлаўскім павеце вёў культурна-асветніцкую работу. Адкрыў беларускую пачатковую школу ў в. Пецюкі (Дзятлаўскі р-н). У Дзятлаве стварыў Беларускі тэатральны гурток, за што быў арыштаваны польскімі ўладамі і адпраўлены ў спецлагер у Беластоку (1919г.), адкуль змог вырвацца. З 1920г. – у Мінску займаўся выдавецкай працай. Хутка перабраўся ў Вільню, урыўкамі настаўнічаў. Здаў экзамен за курс сярэдняй школы (1921г.), выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. У 1921- 1925гг. вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Карлава універсітэта ў Празе. Удзельнік палітычнай канферэнцыі (Прага,1921). Быў адным з арганізатараў “ Аб’яднання беларускіх прагрэсіўных студэнтаў”, удзельнічаў у выданні часопіса “ Перавясла”. Рэдагаваў “ Бюлетэнь аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый”. Вярнуўся у Вільню ў 1926г., актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-культурнай рабоце. Выкладаў беларускую літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтральнага сакратарыята Беларускай сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у рэдкалегію часопіса “ Маланка”. У 1928 – 1930гг. – дэпутат сейма Польшчы, намеснік старшыні беларускай дэпутацкай арганізацыі “Змаганне”. За рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930г. засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932г. — у Мінску. Працаваў у Беларускай Акадэміі навук ( у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі у Інстытуце мовазнаўства). У 1933г. рэпрэсіраваны і заключаны ў канцлагер на Салаўках, 8 снежня 1937г. расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956г.
Друкаваўся з 1917г., вершы – у газетах “Вольная Беларусь”, “Наша думка”, часопісах “Наш шлях”, “Маладое жыццё”, “Прамень”, “Студэнцкая думка”, артыкулы – у газетах “Народны звон”, “Дзянніца”, часопісе “Родныя гоні”. Склаў “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры ( ад 1905г.)” для старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ, выпушчаны 5-цю асобнымі часткамі і адзіным выданнем у Вільні ў 1927г. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на беларускую мову паэму А.Блока “Дванаццаць” (Вільня, 1926).
Доктарская дысертацыя “Францішак Скарына як культурны дзяч і гуманіст на беларускай ніве” выдадзена ў 1991г.
Літаратура:
Бандарэнка М. Ігнат Дварчанін / М. Бандарэнка // Полымя. – 2000. — №6. – С.116 – 129.
Варна Б. Яго лёс, як падручнік / Б. Варна // На Зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. — С.114 – 116.
Васілючак М.В. ТБШ і І.С, Дварчанін / М.В. Васілючак // На Зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. – С.68 – 72.
Дварчанін Ігнат Сымонавіч (н.27.5(8.6)1895, в.Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937), паэт, літаратуразнавец, удзельнік заходне-беларускага нацыянальна-вызваленчага руху // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. — Мн.,1992. — Т.2. — С.335-337.
Дрозд С.С. Постаць І. Дварчаніна ў кантэксце заходнебеларускага руху / С.С. Дрозд // На зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. – С. 97 – 104.
Кароткая Т.М. Першы беларускі скарыназнавец / Т.М. Кароткая // На Зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. – С. 65 – 67.
Ліс А.С. Згадка Ігната Дварчаніна /А.С. Ліс // На зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. – С.52 –55.
Марціновіч А. Вабіла ўсё светлае, высокае:[пра беларускага грамадскага дзеяча, літаратуразнаўца, паэта І. Дварчаніна] /А.Марціновіч // Марціновіч А. Хто мы, адкуль мы…: гіст. эсэ, нарысы: у 2-х кн. — Мн.,1998. — кн.2. — С.302 — 316.
Мірачыцкі Л.П. На эміграцыі / Л.П. Мірачыцкі // На зямлі дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. — С.56-59.
Місарэвіч Я.А. І. Дварчанін у Белнацкаме / Я.А. Місарэвіч // На Зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. – С.105 – 110.
Мяснікоў А. З кагорты пакутнікаў і ахвяр:[65 гадоў назад трагічна абарвалася жыццё Ігната Дварчаніна] / А.Мяснікоў // Звязда. – 2002. – 10 снежня.
Палховіч Т. Песня сэрца:[Пра Ігната Дварчаніна] / Т.Палховіч // Перамога. – 2000. – 7 чэрвеня.
Пяткевіч, А.М. Дварчанін Ігнат Сымонавіч / А.М.Пяткевіч //Беларуская энцыклапедыя: у 18т. — Мн., 1998. — Т.6. — С.77
Дварчанін Ігнат Сямёнавіч // Пяткевіч А.М. Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік. – Гродна, 2000. – С.86 –87.
Пяткевіч А.М. “Хрэстаматыя…” І. Дварчаніна як з’ява педагагічнай і літаратуразнаўчай думкі Заходняй Беларусі / А.М. Пяткевіч // На Зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 – годдзю Дзятлава. – Гродна, 1998. – С.60 – 64.
Швед В.В. І.С. Дварчанін у Дзятлаве (1909-1912 гг.) / В.В. Швед // На зямлі Дзятлаўскай: Прысв. 500 — годдзю Дзятлава. — Гродна, 1998. — С.46-50.