Лашкоўскі Вікенцій Вікенцьевіч
Вікенцій Вікенцьевіч нарадзіўся ў невялікай вёсцы Лапушна, Дзятлаўскага раёна ў 1925 годзе. Калі ў чэрвені 1941-га на беларускую зямлю прыйшла вайна, яму не было і сямнаццаці. Ён на ўсё жыццё захаваў у памяці той жахлівы дзень, калі ў вёску ўпершыню ўварваліся немцы і распачалі расправу над мірнымі жыхарамі. Моладзь забіралі на прымусовую працу ў Германію, і сярод іх апынуўся і юны Вікенцій.
Аднак у Мінску разам з таварышамі яму ўдалося ўцячы. Даведаўшыся пра першыя партызанскія атрады, хлопцы пайшлі ў лес. Так пачалося новае жыццё - жыццё партызана. Шэсць месяцаў ён правёў у Налібоцкай пушчы, ваяваў у брыгадзе Панамарэнкі атрада Воранава. Добра памятаў баі на тэрыторыі цяперашніх Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
Пазней яго шлях ляжаў на фронт. Быў кантужаны, трапіў у шпіталь, падлячыўся і зноў вярнуўся ў строй. Але вайна не абышла яго - другі раз куля цяжка параніла юнака. Пасля лячэння ён быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў родную вёску.
У пасляваенныя гады ў Лапушне быў арганізаваны калгас. Вікенцій Вікенцьевіч працаваў брыгадзірам, аддаючы ўсе сілы аднаўленню роднай зямлі. Пра яго подзвігі і працу сведчаць дакументы далёкага, але незабыўнага часу, а таксама дзяржаўныя ўзнагароды, якім і ён быў адзначаны.

Лашкоўскі Вікенцій Вікенцьевіч
Лашкоўскі Вікенцій Вікенцьевіч