Ільюшэнка Марыя Васільеўна
Жыццёвы шлях Марыі Васільеўны (дзявочае прозвішча Толкушава) пачаўся ў Расіі - сяле Колбаўка Сталінградскай вобласці. Скончыўшы сярэднюю школу, дзяўчына пайшла працаваць піянерважатай у дзіцячы дом. Далейшыя жыццёвыя планы парушыла вайна.
Марыі было 19 гадоў, калі яна разам са сваімі сяброўкамі-равесніцамі пайшла добраахвотніцай абараняць Радзіму. Адбылося гэта ў красавіку 1942 года, паколькі на пачатку вайны на просьбу накіраваць на фронт у ваенкамаце Марыі адмовілі. У 9-ы Сталінградскі корпус супрацьпаветранай абароны прыбылі больш за 8 тысяч дзяўчат-добраахвотніц. Сярод іх была і Марыя. Жылі ў зямлянках, якія рабілі самі. Нялёгкую службу, быт пераадольвала вера ў Перамогу. Адным з важных этапаў на шляху да яе стала Сталінградская бітва.
Пасля перамогі пад Сталінградам Марыя Васільеўна працягвала службу ў вайсках другога Беларускага фронту. У 1944 годзе сяржант Марыя Толкушава ўзначальвае пост, які знаходзіўся ў вёсцы Харашкі Дзятлаўскага раёна.
На беларускай зямлі дзяўчына і сустрэла Перамогу. Толькі некалькі месяцаў не дажылі да гэтай падзеі чатыры сяброўкі Марыі. Памяць аб іх увекавечана абеліскам, які знаходзіцца ў вёсцы Пагародна Воранаўскага раёна.
Ужо ў мірны пасляваенны час Марыя Васільеўна скончыла Гродзенскую партшколу. Працавала другім сакратаром райкама камсамола ў Дзятлаве. Дваццаць гадоў узначальвала раённы Дом культуры. З'яўлялася арганізатарам народнага хору "Ветэраны ў страі" і самым актыўным удзельнікам жаночага руху Дзятлаўшчыны.
За свае баявыя заслугі Марыя Васільеўна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, медалямі "За абарону Сталінграда", "За Перамогу над Германіяй", медалём "Жукава".
Бібліяграфія:
1. Гоман, А. З юбілеем, Марыя Васільеўна!: [пра Ільюшэнка Марыю Васільеўну ветэрана Вялікай Айчыннай вайны] / А.Гоман // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2012. - №39. - 19 мая. - С.1.
2. Якшэвіч, С. Мы ганарымся вамі, Марыя Васльеўна!: [пра Ільюшэнка Марыю Васільеўну ветэрана Вялікай Айчыннай вайны] / С.Якшэвіч // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2008. - №48. - 2 ліпеня. - С.2.