Канстанцін Антонавіч Канапліцкі
На фронт з роднай вёскі Вензавец Канстанцін Антонавіч пайшоў у 1944 годзе. Быў прызваны з іншымі васьмю аднавяскоўцамі. З іх ён быў самы малады - споўнілася толькі васямнаццаць гадоў. Пяшком навабранцы прыйшлі ў ваенны пункт у Баранавічы - тагачасны абласны цэнтр. Адтуль, пасля медыцынскай камісіі, маладыя салдаты былі накіраваны ў Мурам праходзіць курс маладога байца. А вось ваяваў Канстанцін Антонавіч на ІІІ-ім Украінскім фронце, удзельнічаў у баях за вызваленне Вены, Аўстрыі. Аб гэтым былому салдату нагадвае медаль "За ўзяцце Вены". Сярод узнагародаў ветэрана, ёсць і медаль "За перамогу над Германіяй", ордэн Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, шэраг юбілейных медалёў.
У адным з баёў Канстанцін Антонавіч быў паранены ў нагу. Лячэнне на працягу пяці месяцаў праходзіў у шпіталі у горадзе Шафран. Там жа і сустрэў перамогу.
- Неяк прачнуўся, чую шум, крыкі, - узгадвае былы франтавік.
- Адразу падумаў, што гэта немцы ўварваліся ў шпіталь, паколькі хадзілі чуткі, што былі выпадкі, калі такое здаралася. Аднак шум і мітусня ў шпіталі былі звязаны з добрай весткай - закончылася вайна. Нарэшце прыйшла перамога.
Аднак пасля заканчэння вайны Канстанцін Антонавіч яшчэ працягваў служыць у роце аховы: спачатку ў Ціраспалі, а затым у Адэскай ваеннай акрузе.
Бібліяграфія:
Каспаровіч,А. Яны змагаліся за Радзіму: [пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Канапліцкага Канстанціна Антонавіча] / А.Каспаровіч // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2019. - №44. -12 чэрвеня. - С.5.