Кароль Канстанцін Антонавіч
Нарадзіўся 11 лістапада 1923 года ў вёсцы Боркі Дзятлаўскага раёна. Сям'я была сялянская, дзяцей з маленства прывучалі да працы, ды толькі мірную працу хутка перарвала вайна. У 1942 годзе немцы вывезлі 19-гадовага юнака ў Эстонію на будаўніцтва нафтаперапрацоўваючага завода. Аднаму богу вядома, як выжыў Канстанцін Антонавіч у нечалавечых умовах канцэнтрацыйнага лагера. У зімку 1944 года яму надарылася магчымасць вярнуцца на радзіму, але эшалон, у якім ехаў Канстанцін Антонавіч, нечакана ўзарвалі партызаны. Потым у Казлоўшчыне прыйшлося нейкі час хавацца ад фашыстаў, якія хацелі зрабіць яго паліцэйскім. Нарэшце, Канстанцін Антонавіч даведаўся аб тым, што ў Баранавічах фарміруецца стралковы полк Польскай народнай арміі і запісаўся ў яго рады. Падрыхтоўку будучыя стралкі праходзілі ў Іванаўскай вобласці, пад Масквою. Затым іх перакінулі ў Беласток. Пасля чаго полк трапіў на фронт у Карпаты. Канстанцін Антонавіч служыў снайперам у пяхоце. Вайну скончыў на Эльбе ў Германіі, адкуль 24 лістапада 1945 года вярнуўся ў Беларусь, у родную вёсачку Боркі. Памёр Канстанцін Антонавіч 7 сакавіка 2018 года, не дажыўшы да свайго 95-годдзя.
Біяграфічныя звесткі прадастаўлены аўтарам Кароль К.А.