Савельева Аляксандра Пятроўна
Аляксандра Савельева (дзявочае прозвішча Рэут) нарадзілася ў вёсцы Кутнева Пагоскага сельсавета былога Старадарожскага раёна Мінскай вобласці 24 жніўня 1923 года. Яе бацькі ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы, да сялянскай працы змалку прывучылі і сваіх дзяцей - Уладзіміра, Аляксандру, Вольгу. А яшчэ стараліся даць адукацыю дзецям. Саша, у прыватнасці, закончыла восем класаў Пагоскай школы, напярэдадні вайны пачала працаваць паштальёнам.
Пачатак вайны запомніўся ёй гэтак: "Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны па вёсцы на матацыклах праехалі нямецкія салдаты. Вёска засталася ўбаку ад баёў пачатку вайны, але праз некаторы час у ёй размясцілі паліцэйскі гарнізон". "Новы парадак" падтрымлівалі і эсэсаўцы, якія часта наведваліся ў вёску. Калгасныя землі (бацькі Сашы ўступілі ў калгас у 1929 годзе) былі раздадзены нямецкім захопнікам, якія прымусілі працаваць у полі мясцовае насельніцтва. Жыхары чулі і зналі ад партызанаў пра вёскі, якія былі спалены, пра забойствы мірных жыхароў".
Вызваленне ад нямецкай акупацыі прыйшло ў канцы чэрвеня 1944 года. А 4 ліпеня ў вёсцы спыніўся вайсковы шпіталь. Камандаванне шпіталя набірала людзей на службу і працу ў ім. Наняліся на працу-службу ў шпіталі чатыры мясцовыя дзяўчыны, сярод якіх была і Аляксандра Рэут. Гэтак пачаліся для маладой санітаркі армейскія ваенныя будні.
Вёрсты вайны для шпіталя і Аляксандры пралеглі ў Беларусі праз Слуцк, Брэст. Дзяўчына-санітарка на свае вочы наглядзелася жудасцяў вайны - параненых, пакалечаных салдат і афіцэраў прайшло праз шпіталь шмат. Дзявочае сэрца і рукі клапатліва засцерагалі іх у шпіталі ад смерці. Пасля вызвалення Беларусі шпіталь за баявымі воінскімі часцямі быў накіраваны ў Польшчу. Спыніліся ў горадзе Лодзь, дзе "наша Саша", як яе называлі параненыя, і сустрэла Перамогу.
За ўдзел у Вялікай Аўчыннай вайне Аляксандра Пятроўна Савельева адзначана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём імя Г. К. Жукава, шматлікімі юбілейнымі медалямі.
Бібліяграфія:
1. Бакуновіч,Ю. Жыццё ў розных колерах: [95 гадоў ветэрану вайны Аляксандры Савельевай з Казлоўшчыны] / Ю.Бакуновіч // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2018. - 29 жніўня. - №66. - С.4.
2. Верас,А. Сястра міласэрнасці: [пра Аляксандру Савельеву, ветэрана вайны з Казлоўшчыны] / А.Верас // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2009. - 21 лютага. - С.2.