Шалесны Федар Васільевіч
Фёдар Васільевіч Шалесны, нягледзячы на паважаны ўзрост, застаецца нязменным удзельнікам мітынгаў да Дня Перамогі і ўрачыстасцяў, прысвечаных вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бо ён, як і іншыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, добра ведае цану Перамогі, здабытай нашымі людзьмі.
З лістапада 1944 года ён ваяваў за сваю Радзіму на ІІ Беларускім фронце, у складзе 163-га стралковага палка.
Да канца вайны прабыў другім нумарам за зенітнай ракетнай устаноўкай, - згадвае ветэран.
За апошні год вайны, вызваляючы акупіраваныя тэрыторыі, яму давялося прайсці немалы шлях. Пачынаўся ён ва ўкраінскім Жытоміры і пралягаў у саму варожую Венгрыю, дзе поўным ходам ішла так званая "Будапешцкая аперацыя". Яна мела на мэце разгром нямецкіх войскаў у Венгрыі і вывад краіны з вайны.
Чырвонай арміі вельмі нялёгка было выканаць задачу па ўзяцці Будапешта: у аперацыі бралі ўдзел разведчыкі, пяхота, артылерыя. Фёдар Васільевіч ужо і не помніць дэталёва, як у час аднаго з баёў атрымаў лёгкую кантузію, аднак прыгадвае, што лячыўся ў замежным шпіталі ў французскіх медыкаў.
А вось доўгачаканую і самую галоўную навіну, якую сустрэў у горадзе Ленінградзе, ён помніць вельмі добра. Той самы, добра знаёмы савецкім грамадзянам, голас Юрыя Левітана абвясціў аб перамозе: "… Вялікая Айчынная вайна, якую савецкі народ вёў супраць нямецка - фашысцкіх захопнікаў, пераможна завершана …"
Доўгая вайна была скончана, і надышоў час салдатам кіравацца на радзіму наладжваць мірнае жыццё. У лістападзе 1945-га Фёдар Васільевіч Шалесны вярнуўся ў родныя Лозкі, дзе пабудаваў дом недалёка ад бацькоўскага, з'явілася свая сям'я - новы сэнс жыцця пад мірным небам.
Для мяне і ў пасляваенны час быццам вайна не скончылася, - напаўжартам кажа Фёдар Васільевіч. - Бо, працуючы ў Слонімскім хімлясгасе, займаўся ў лясах узрыўнымі работамі.
Пазней ён перавёўся ў Дзятлаўскі лясгас, якому прысвяціў шмат гадоў сумленнай працы да самага заслужанага адпачынку. Арганізацыя і цяпер не забываецца пра свайго былога работніка: віншуе са святамі, аказвае дапамогу.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны мае шэраг узнагародаў за службу, сярод якіх Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль "Георгій Жукаў 1896-1996", юбілейныя медалі.
Але галоўная ўзнагарода для ветэрана - тое, што людзі помняць пра подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, шануюць яго.
Бібліяграфія:
1. Бакуновіч,Ю. Цяпер я добра жыву: [гутарка карэспандэнта мясцовай газеты "Перамога" з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Фёдарам Шалесным] / Ю.Бакуновіч // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2018. - 12 мая. - №36. - С.4