Сніціч Надзея Піліпаўна
Дзяўчына марыла стаць юрыстам, да вайны працавала ў Лідскім народным судзе. Калі пачалася вайна, суд эвакуіраваўся, супрацоўнікі даехалі да Смаленска, але вымушаны былі вярнуцца. Надзея вярнулася ў родную вёску, уключылася ў работу падпольнай камсамольскай групы, якую ўзначальваў яе брат Мікалай Сніціч. Моладзь вяла тлумачальную работу сярод мясцовага насельніцтва.
У 1942 годзе Надзеі даручылі ўзначаліць падпольную камсамольскую арганізацыю. Моладзь згодна з заданнем партызан збіралi азброю, выводзілі са строю тэлефонную сувязь на дарогах Дзятлава-Наваельня, Дзятлава-Ліда, у “рэйкавай вайне” маладыя людзі былі праваднікамі падрыўнікоў.
У снежні 1942 года ў роднай вёсцы Надзеі здарылася трагедыя. Фашысты арганізавалі карную экспедыцыю, пачалі паліць хаты, арыштоўваць сем’і партызан і падпольшчыкаў. Пасля гэтай трагедыі маладыя людзi і пайшлі ў партызанскі атрад, дзе і ваявалі да ліпеня 1944 года, пакуль партызаны не злучыліся з часцямі рэгулярнай Чырвонай Арміі.
Пасля вайны Надзея Сніціч паступіла вучыцца ў Мінскую юрыдычную школу, а ў 1950 годзе стала студэнткай юрыдычнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1955 годзе. Амаль усё працоўнае жыццё прайшло ў Камянцы, яна адпрацавала ў натарыяльнай канторы каля 43 гадоў.
Надзея Піліпаўна з’яўлялася інвалідам Вялікай Айчыннай вайны 2 групы, была ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны 2 ступені, ветэран вайны, партызан Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, медалём “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, юбілейнымі медалямі 20, 25, 30, 40, 50, 60, 65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і многімі іншымі.
Памерла Надзея Піліпаўна Кажамячанка ў 2013 годзе, пражыўшы амаль 90 гадоў.
Бібліяграфія. Абрамчык, А. Падпольшчыца Надзея Сніціч з Зачэпіч / Алена Абрамчык // Перамога. - 2020. - 20 мая. - № 1. - С. 9.