Бузук Іван Мікалаевіч

   Нарадзіўся Іван Мікалаевіч 1 ліпеня 1919 года ў вёсцы Абелькавічы. З ранняга дзяцінства бацькі прывучылі яго да працы. З двумя братамі і сястрой пасвіў кароў, дапамагаў па гаспадарцы. Як споўнілася дзесяць гадоў бацькі выправілі ў Абелькаўскую школу вучыцца, скончыў чатыры класы. На далейшую вучобу грошай ў сям'і не было.
   У 1940 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у Краснаярску, у 888-ым аўтапалку. З пачаткам вайны полк накіравалі пад Маскву. У 1942 годзе была сфарміравана дывізія пад камандаваннем генерала - маёра Куркоўскага. У складзе гэтай дывізіі Іван Бузук прайшоў шлях да Берліна.
   Служыў вадзіцелем. Спачатку ў тыле перавозіў боепрыпасы і харчаванне. Неўзабаве накіравалі на фронт. Удзельнічаў Іван Бузук у баях пад Малаархангельскам, Сеўскам, Калінкавічамі, Бабруйскам, Ковелем, на рэках Заходні Буг, Вісла, Одэр. Дэвізія, у якой ён служыў, за баявыя заслугі пад горадам Ковелем, на рацэ Вісле і пры ліквідацыі групоўкі пад Берлінам была чатыры разы адзначана ў загадах Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, узнагароджана трыма баявымі ордынамі.
   Памятныя Івану Мікалаевічу баі на Курскай дузе, пад Берлінам: "Кроў лілася ракою. Але не трусілі. Жылі і ваявалі дзеля перамогі".
   Яму шанцавала: быў паранены ў голаву, але раненне аказалася лёгкім, ён нават застаўся ў сваім падраздзяленні.
   Закончыў вайну Іван Мікалаевіч у горадзе Дэсаў, пад Берлінам. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (за баі на Курскай дузе), медалямі "За вызваленне Варшавы", "За ўзяцце Берліна", "За перамогу над Германіяй", ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-ой ступені.
   У пасляваенны час да баявых узнагародаў прыбавіліся працоўныя. Працаваў у калгасе імя Заслонава шафёрам. Калі пагоршыўся зрок, пайшоў працаваць на ферму падвозчыкам кармоў. За працоўныя заслугі Іван Мікалаевіч Бузук узнагароджаны медалямі "За доблесную працу", "Ветэран працы".

Бібліяграфія:
1.    Сямашка,А., Ляўшук В. Салдат Перамогі: [аб баявым шляху жыхара вёскі Абелькавічы Бузука Івана Мікалаевіча] / Падрыхтавалі юнкоры Дварэцкай школы А.Сямашка, В.Ляўшук // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2004. - 12 мая. - С.2.

2.    Галомзік,І. Шафёрскі шлях да Берліна: [пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Бузука Івана Мікалаевіча] / І.Галомзік // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2009. - 10 чэрвеня. - С.2.

3.    Каўкель,І. Праз усю вайну - да Берліна: [пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Мікалаевіча Бузука] / І. Каўкель // Перамога (Дзятлаўскі раён). - 2013. - 2 ліпеня. - С.1-2.