Губарэвіч Віталь
(03.01.1926-1976)
Нарадзіўся Губарэвіч Віталь ў в.Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У вячэрняй школе, дзе ён вучыўся, вісеў партрэт Сталіна. Нехта аднойчы на партрэце выкалаў вочы. Доўга шукалі вінаватага і рашылі спыніцца на Віталю, хоць сам юнак сцвярджаў, што да гэтай справы дачынення не меў. За той учынак у 1946 г. яго арыштавалі органы НКУС і асудзілі на дзесяць гадоў.
Далёка ад радзімы, дзе не было беларускага слова, Віталь Губарэвіч пачаў пісаць вершы. У зняволенні ён упершыню пазнаёміўся з творчасцю Ларысы Геніюш, а таксама з ёю асабіста, нават прысвяціў ёй некалькі сваіх вершаў.
Вярнуўся на радзіму наш зямляк у 1956 г. У роднай вёсцы скончыў вячэрнюю школу працоўнай моладзі, а праз пэўны час і фармацэўтычны факультэт Ленінградскага медінстытута. Пасля вучобы працаваў у аптэках вёскі Наваельня, у Навагрудку, быў загадчыкам аптэкі і ў в.Дварэц. Па-раннейшаму шмат пісаў, займаўся перакладамі з польскай, рускай і нямецкай моў. Асабліва любіў перакладаць гумарэскі з польскага часопіса “Шпількі”, які ён выпісваў.
Яшчэ ў сталінскіх лагерах Віталь Губарэвіч захварэў на сухоты. Гэтая хвароба з гадамі прагрэсіравала, а ў 1976 г. забрала ў яго жыццё. Пахаваны паэт на Дзятлаўшчыне ў в.Дварэц.
Літаратура:
Мешчаракова,В. Мо і я паэтам стаў бы… / В.Мешчаракова // ЛіМ. – 2004. – 15 кастрычніка. – С.4.
Чыгрын,С. Віталь Губарэвіч / Сяргей Чыгрын // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. – Мн., 1997. – С.330-331.