Ільюшчыц Кастусь
(Канстанцін Мікалаевіч)
(02.01.1947)
Нарадзіўся ў г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна. Хутка сям’я пераехала на радзіму бацькоў – у вёску Рог каля Старобіна. У 1960г. Канстанцін закончыў сямігадовую Рогаўскую школу, а ў 1963 г. – з залатым медалём сярэднюю школу ў вёсцы Скаўшын. Пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута (1968 г.) атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. У гэтым жа годзе Канстанцін Ільюшчыц быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, з якой і звязаў свой лёс. Закончыў Усурыйскае ваеннае аўтамабільнае каманднае вучылішча. За гады ваеннай службы – з 1968 па 1992 гг. Канстанцін Мікалаевіч пабываў у Сібіры, Казахстане, Эстоніі, Літве, на Далёкім Усходзе, у Германіі, але сэрца і думкі заўсёды былі з Беларуссю. У 1992 г. вярнуўся на Радзіму, у Мінску, дзе жыве і цяпер. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалямі.
Друкавацца Канстанцін Ільюшчыц пачаў у раённай газеце “Шахцёр” (г.Салігорск). Але пачаткам творчасці лічыць 1965 год, калі ў газеце “Літаратура і мастацтва” з’явілася першая падборка яго вершаў (паэту было 18 гадоў). Вершы кранаюць шчырасцю і свежасцю. Яны напоўнены паэзіяй роднай прыроды, роднага кутка. У 1977 г. ў свет выйшаў зборнік вершаў паэта “Армейскія будні”. Ён прысвечаны зямным і штодзённым клопатам чалавека, які сваімі справамі ўпрыгожвае і абараняе Айчыну. Неспакой за мірнае жыццё ўсёй краіны, радасць працы і ў салдацкіх буднях – галоўная тэма другой кнігі паэта “Таёжны гарнізон” (1982 г.). Асобныя творы К.М.Ільюшчыца перакладзены на рускую, украінскую, польскую, грузінскую мовы.
Літаратура:
Ільюшчыц Канстанцін Мікалаевіч, беларускі паэт // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн.,1998. – Т.7.- С.204.
Палховіч,Т. Служыў Айчыне і пісаў вершы / Т.Палховіч // Перамога. – 2007. – 27 студзеня. – С.3.
Бараноўскі,П.М. Ільюшчыц Канстанцін Мікалаевіч / П.М.Бараноўскі // Памяць: гіст. – дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. – Мн., 1997. – С.342.