Корсак Юліян
(13.02.1806-30.08.1855)
Тварэнні рук і розуму чалавека, калі яны не накіроўваюцца супраць таго ж самага чалавека, могуць выклікаць толькі пачуццё захаплення і гонару. Адбываецца свайго роду паэтызацыя рацыянальнага моманту, і ў рацыянальным, навуковым адшукваецца тое, што ўздзейнічае на пачуцці чалавека.
Мой Нёман ваданосны, рэк ліцвінскіх княжа!
Твае крыніцы не ўтапіліся ў балоты!
Ды слынныя твае дзе сёння вайдалоты?
Хто словы, вартыя цябе, у песню звяжа?
Дык дзе ж яны, хіба яны цябе забылі?
Дзе той пясняр-салоўка з курганка Марылі,
Што праслаўляў твае і воды, і даліны?
І ён цяпер у свеце, за мяжой краіны!
Мой Нёман, дзе на берагах тваіх русалкі…
Верш “Да Нёмана”
Юліян Корсак
Нарадзіўся Юліян Корсак ў Слоніме, дзе яго бацька, уладальнік фальваркаў у вёсцы Спорава і Страла, што пад Дзятлавам, быў межавым суддзёю. Вучыўся Юліян у Шчучынскай школе піяраў і на аддзяленні літаратуры і мастацтваў Віленскага універсітэта, які скончыў у 1826 г. На пачатку універсітэцкага навучання, у 1823 г., зблізіўся з Адамам Міцкевічам і на ўсё жыццё застаўся гарачым прыхільнікам яго творчасці. У студэнцкія гады захапляўся імправізацыяй і вершаванымі прысвячэннямі, шчодра ўпісваючы іх у альбомы прыяцеляў і знаёмых, шмат перакладаў з французскай, нямецкай, англійскай і класічных моваў, публікуючы ўзноўленыя па-польску творы Піндара, Гарацыя, Віргілія, Ламарціна, Шылера і іншыя у віленскай перыёдыцы. Пасля заканчэння універсітэта нейкі час бавіў у бацькоўскім доме на вёсцы, затым наведаў Варшаву, дзе гасцяваў у Антона Эдварда Адынца, пабываў у Пецярбургу, там далучыўся да культурнага жыцця ліцвінскага зямляцтва, наведваў салон піяністкі Марыі Шыманоўскай, дзе неаднойчы сустракаўся з Адамам Міцкевічам. Прысвяціў яму верш, які залучыў у сваю кнігу “Паэзія” (1830). Смерць бацькі паскорыла вяртанне ў родныя мясціны. З 1830 г. Юліян Корсак жыў у вёсцы Страла, аддаючы ўвагу гаспадарчым клопатам і перакладніцкай працы. Дзеля гэтага ён адмовіўся ад старшынства ў Слонімскім межавым судзе. Апошнія дзесяць гадоў, да скону 30 жніўня 1855 г. ў Навагрудку, куды прыязджаў лячыцца, Юліян Корсак працаваў над першым поўным польскамоўным перакладам “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры, да якой падрыхтаваў разгорнуты змястоўны каментар. Аднак выданне перакладу паэмы славутага італьянца асобнай кнігай ён ужо не ўбачыў: яна выйшла толькі ў 1860 г.
З арыгінальнай паэтычнай спадчынай Юліяна Корсака беларускі чытач знаёмы толькі па публікацыі ў анталагічным зборніку “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай” (1998).
Літаратура:
Мархель,У. Юліян Корсак / Уладзімір Мархель // Краязнаўчая газета. — 2006. — № 6. — С.6.
Корсак Юліян, польскі паэт, перакладчык // А.М.Пяткевіч Людзі культуры Гродзеншчыны : даведнік. – Гродна, 2000. — С.155-156.
Корсак Юліян // Пакінуў у спадчыну нашчадкам: памятка / Дзятлаўская цэнтральная раённая бібліятэка; склад. Г.В.Лашчэўская. – Дзятлава. – 2006. – 6с.