“Роднаму слову прызнанне ў любові”
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменяў,
З гуллівага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, з шума дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго таго,
Што лягло назаўсёды ў аснову сумлення народа,
Бяссмерця яго-ты выткана, дзіўная родная мова.
21 лютага ў свеце азначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтае нагоды ў Наваельнянскай гарпасялковай бібліятэцы ладзіліся гучныя чытанні “Роднаму слову прызнанне ў любові”. Удзельнікамі мерапрыемства былі вучні 7 класа Наваельнянскай сярэдняй школы. Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія-мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Для нас, беларусаў, роднай мовай з’яўляецца беларуская мова. Дзеці чыталі ўголас вершы Ніла Гілевіча, Юрася Свіркі, Пятруся Броўкі, Максіма Танка, адказвалі на беларускія загадкі. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова-жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Дык давайше будзем шанаваць і берагчы сваю родную беларускую мову. Да мерапрыемства была раскрыта кніжная выстава “Родная мова мая”.