Жукоўшчынская сельская бібліятэка – цэнтр духоўна мастацкай спадчыны праводзіць шэраг мерапрыемстваў для сваіх маленькіх чытачоў у час летніх канікул. 25 ліпеня дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у экалагічнай вандроўцы “Мой край і я: чым больш пазнаю, тым больш берагу” па старыннаму жукоўшчынскаму парку. Гісторыя яго заснавання ўваходзіць у 19 стагоддзе. Па перыметру парка праходзілі тры алеі: ліпавая, грабавая і яловая. У парку былі амаль усе рэдкія віды раслін, дрэў і кустоўя. Пад час экалагічнай вандроўкі дзеці ўзялі з сабою “Чырвоную кнігу Беларусі”, куды сабраны рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды раслін. Удзельнікаў вандроўкі зацікавіла пытанне, ці ёсць такія расліны ў нашым парку? Добрым дапаможнікам для адказу на гэта пытанне стала кніга Аркадзя Скуратовіча “Расліны: зялёнае падарожжа”. З яе дзеці даведаліся пра цікавы свет беларускіх раслін – пра лекавыя расліны, пра расліны – драпежнікі, а таксама пра тыя, што занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Кніга багата ілюстравана, таму вельмі спатрэбілася і дапамагла вандроўшчыкам у пошуку раслін. Не менш цікавай для дзяцей стала і кніга Алеся Бадака “Расліны: батанічныя эцюды”. Удзельнікі вандроўкі пабывалі на знакамітай жукоўшчынскай крынічцы, заглянулі на азёры, зрабілі фотаздымкі каля самых старых дрэў ў парку. Спадзяёмся, што экалагічная вандроўка стала для дзяцей добрым урокам, як трэба адносіцца да прыроды, якая не хавае ад нас сваіх таямніц і даверліва ўпускае нас у свой храм. Нам толькі трэба быць больш уважлівымі да яе, каб не прапусціць штосьці вельмі цікавае, старацца не нашкодзіць ёй: без патрэбы не вырваць расліны, не ламаць галінкі дрэў, па магчымасці дапамагчы ўсяму жывому.