( вуліца Ігната Дварчаніна ў вёсцы Погіры)
Слынныя людзі бацькоўскай зямлі
Гонар і славу ёй здабылі.
Сярод іх найпершы Ігнат Дварчанін,
Што родам з нашых мясцін.
Л.Шаркут
Жукоўшчынская сельская бібліятэка – цэнтр духоўна – мастацкай спадчыны у рамках краязнаўчага праекта “Іх імёны ў гісторыі краю” працягвае знаёміць сваіх наведвальнікаў з вядомымі землякамі,якія пакінулі прыкметны след у гісторыі сваёй малой радзімы, праявілі сябе ў розных галінах навукі, культуры, мастацтва, грамадскай дзейнасці.
Бібліятэка запрасіла сваіх наведвальнікаў на гадзіну гісторыі “Пра вуліцы населеных пунктаў названых у гонар землякоў”. Прысутныя маглі пазнаёміцца з выставай — прысвячэннем “Асоба ў гісторыі краю”( Ігнат Сымонавіч Дварчанін), дзе былі прадстаўлены матэрыялы аб жыцці і дзейнасці знакамітага земляка, яго вершы, фрагменты рукапісу дысертацыі “Францыск Скарына як культурны дзеячна беларускай ніве”. Выставу дапаўнялі фотаздымкі, вершаваныя радкі прысвечаныя слыннаму земляку, ксеракопіі карцін“Погіры. Радзіма Ігната Дварчаніна”,”Партрэт Ігната Дварчаніна”, намаляваных мясцовай мастачкай Надзеяй Лукашык, якая жыве ў доме Дварчанінаў.
Мы людзі Жукоўшчынскай зямлі ганарымся тым, што менавіта ў нашай мясцовасці, у вёсачцы Погіры нарадзіўся і вырас наш славуты зямляк Ігнат Дварчанін, адсюль пачыналася яго жыццёвая дарога.Гэта быў чалавек шматбаковага таленту і выключнай эрудыцыі. Ён быў не толькі паэтам, але і перакладчыкам, літаратуразнаўцам, публіцыстам, педагогам, выдаўцом і грамадскім дзеячам. Абараніў дысертацыю “Францішак Скарына як культурны дзеяч на беларускай ніве”.
Каб захаваць памяць пра свайго слаўнага земляка ў вёсцы Погіры яго імем названа галоўная вуліца вёскі. На месцы, дзе некалі стаяла хата Дварчанінаў устаноўлена мемарыяльная дошка і памятны валун з надпісам “Радзіма Ігната Дварчаніна”.
Гады праляцелі…Праўда ўваскрэсла.
Памяць людская ўдзячная ўсім.
Цябе, Дварчанін, патомкі шануюць,
Нашчадкі аб лёсе знаюць тваім.