Струмень Васіль

 (Лебедзеў Аляксандр Мікалаевіч)

(1914-25.10.1992) 

strymenЛебедзеў А.М. нарадзіўся 1 красавіка 1914 года ў вёсцы Ляонцева Мантураўскага раёна Кастрамской вобласці. Бацька пайшоў на фронт, калі Аляксандру споўнілася ўсяго 4 месяцы. У канцы 1915 года ў хату прыйшла трывожная вестка: загінуў бацька. Многа гора выпала на долю маці. Праз 5 гадоў яна паўторна выйшла замуж за Паўла Івашэвіча. Айчым быў родам з Гродзеншчыны. Таму сям’я з восені 1921 года пераехала на радзіму П. Івашэвіча ў вёску Зачэпічы, што на Дзятлаўшчыне. 3 дзіцячых гадоў Апяксандр прагна цягнуўся да вучобы. Але ў большасці вёсак былой Заходняй Беларусі адсутнічалі спецыяльныя школьныя будынкі, а там, дзе яны існавалі, дык размяшчаліся ў прыватных памяшканнях. Наглядаліся такія з’явы, калі пачатковая школа праз кожныя 3-4 дні вандравала з адной хаты ў другую. Да ліку такіх належала і Зачэпіцкая, у якой вучыўся Аляксандр. Беларускай мовай ён авалодаў, чытаючы творы Я. Купалы, Я. Коласа і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Вёска Зачэпічы ў 20-30-я гады жыла пад уплывам нацыянальна-вызваленчага руху, у які актыўна ўключыўся Аляксандр Лебедзеў.

Першы верш В. Струменя “Наша доля” надрукаваны ў падпольнай газеце “Малады камунiст” у 1931 годзе. Затым яго паэтычныя творы змяшчалiся ў іншых беларускiх выданнях Вільні. У іх аўтар пiсаў пра цяжкае жыццё i нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусi. У пасляваенныя гады пiсьменнiк часта выступаў у беларускiм i ўкраінскім друку. І тут варта зноў вярнуцца да біяграфii земляка. Змагар, жывучы ў Зачэпiчах, а пазней працуючы на шклозаводзе “Неман”, шматразова падвяргаўся за сваю дзейнасць праследаванням  з боку тагачасных польскiх уладаў, быў зняволены ў турмах Глыбокага, Лiды, Вiлейкi. Пасля чарговага тэрмiну быў аддадзены ў салдатчыну, у Лідскi 77-ы полк пяхоты. Але нескароны рэкрут вёў сярод жаўнераў непажаданую для камандзiраў агiтацыю. І зноў рэпрэсiі . А ў 1938 годзе разам з бацькамi В. Струмень пераехаў у Заходнюю Украiну.

І жывучы на Украіне, Аляксандр Мiкалаевiч амаль кожны квартал наведваўся на Гродзеншчыну. Сваiм чалавекам ён 6ыў у рэдакцыях Лiдскай i Дзятлаўскай раённых газет, акрамя іх друкаваўся ў “Гродзенскай праўдзе”, а таксама ў Навагрудскай і Шчучынскай “раёнках”. Выступаў у рэспублiканскiм друку.

Добразычлiвы погляд вачэй, прыветлiвая ўсмешка, шчырая размова, сцiпласць характарызавалi пiсьменнiка двух народаў. Прапануючы вершы цi ўспамны лiдскай газеце “Уперад”, Аляксандр Мiкалаевiч не мог схаваць сваёй прыроднай сцiпласцi (цi сарамлiвасцi?), гаварыў, а можа не варта публiкаваць, паглядзiце, рашыце. Цягнула ж чалавека ў родныя яго сэрцу мясцiны жаданне сустрэцца з сябрамі змагарнай моладзі, блiзкiмi па духу i мэтах людзьмi. Такiмi, як Iсак Карабельнiк, Васiль Камянецкi з Лiды, Пятрусь Гранiт (Iван Iвашэвiч), Мiхась Петрыкевiч з Дзятлаўшчыны і дзялiўся ўспамiнамi аб даваенным жыццi на дзятлаўскай i лiдскай зямлi. З асаблiвым пачуццём расказваў  пра сустрэчы з Iгнатам Дварчанінам, Сяргеем Прытыцкiм, Пiлiпам Пестраком і iншымi волатамi беларускага народа, іх польскiм аднадумцам Ежы Петраментам i Уладзiславам Бранеўскiм.

Добра, што на Украiне і ў Беларусі помняць пра самабытнага песняра. У Лiдзе і Дзятлаве многiя ўспамiнаюць зачэпiцкае гняздо паэтаў. На жаль, яны пакiнулi наш свет.

Памёр А.М.Лебедзеў 25 кастрычніка 1992 г.

Літаратура:

Гняздо паэтаў: [Струмень Васіль] // Калеснік,У. Зорны спеў. – Мн. – С.182-208.

За шчасце змагацца нам трэба: [Да 85-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Мікалаевіча Лебедзева]// Перамога. – 1999.-№50.

Мац,М. Вогонь душі: [Струмень Васіль]// Зміна. – 1989. – 2 грудня.

Струмень,В. Шляхам барацьбы // Перамога. – 1989. — №№ 50,51,53,54,56-60,64,65,68,69.

Палховіч,Т. Паэты-змагары: [Струмень Васіль]/ Т.Палховіч // Памяць: гіст. – дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. -Мн., 1997. – С.86-87

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.