Топ 10 лепшых беларускіх кніг

Колас, Якуб.

На ростанях: трылогія / Якуб Колас. – Мінск.: Маст. літ., 2000. – 704 с.

Трылогія складаецца з аповесцей “У палескай глушы”, “У глыбіні Палесся”, “На ростанях”. Дзеянне рамана адбываецца на Беларусі ў перыяд першай рускай рэвалюцыі, гады сталыпінскай рэакцыі і новага ўздыму рэвалюцыйнага руху. Малюючы шырокую карціну жыцця беларускага народа, аўтар асноўную ўвагу ўдзяляе праблеме гістарычнага лёсу інтэлігенцыі. Галоўны герой трылогіі – вясковы настаўнік Андрэй Лабановіч, які шукае правільныя шляхі да яднання з народам. У гэтым вобразе ўвасоблены лепшыя рысы перадавой інтэлігенцыі таго часу. Твор напісаны з глыбокім веданнем народнага жыцця, псіхалогіі  людзей і вызначаецца нацыянальным каларытам.


Мележ, Іван.

Людзі на балоце: раман з “Палес. хронікі” / Іван Мележ. – Мінск.: Маст. літ.,1995. – 400 с.

У рамане расказваецца пра цяжкае і складанае жыццё палескай вёскі Курані, пра першыя гады ўсталявання новага, савецкага жыцця на Палессі, пра складаны лёс Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі.

 

 


Шамякін, Іван.

Палеская мадонна: аповесці / Іван Шамякін. —  Мінск.: Юнацтва, 1998. – 590с.

Героі аповесці – нашы сучаснікі. Яны жывуць і дзейнічаюць у наш час, трапляюць у розныя складаныя жыццёвыя сітуацыі, з якіх не так проста знайсці выйсце.

 

 

 


Быкаў, Васіль.

Пакахай мяне, салдацік: аповесці, апавяданні / Васіль Быкаў. – Мінск: Маст. літ., 2013. – 574 с.

У аповесці “Пакахай мяне, салдацік” дзеянне адбываецца ў ваколіцах невялікага гарадка ў аўстрыйскіх Альпах. Ужо гучаць пераможныя залпы, адбылася сустрэча савецкіх воінаў з арміяй саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Сюжэт аповесці —  паказ кахання Змітрака Барэйкі з Бешанковічаў да сваёй зямлячкі Франі. Гэта лірычная трагедыя, у якой канфлікт героя з ваеннай рэчаіснасцю дасягае псіхалагічнай напружанасці, вастрыні. Быкаўскі твор прасякнуты болем за чалавека, яго зломны, скалечаны лёс і адначасова напоўнены пафасам асуджэння вайны.


Хвалей, Яўген.

Прынцэсса тусоўкі: аповесці / Яўген Хвалей. – Мінск: Маст.літ., 2008. – 366 с.

У аповесці ўзняты сур’ёзныя праблемы сучаснай рэчаіснасці, найперш школьнай моладзі. Раскрываецца тэма так званых тусовак, школьнай наркаманіі і таксікаманіі. Адна з гераінь твора праходзіць якраз такі шлях, які заканчваецца не толькі яе асабістым падзеннем, але і драмай для аднакласнікаў.

 


Марчук, Георгій

Кветкі правінцыі: раман, навелы, афарызмы / Георгій Марчук. – Мінск: Маст. літ., 2004. – 416 с.

У рамане аўтар даследуе прычыны смерці маладой жанчыны, расследаванне якіх вядзе яе сын. Умела выкарыстоўваючы дэтыктыўныя матывы, стварае партрэт правінцыйнага гарадка.

 

 


Законнікаў, Сяргей

Вячэра  пад райскім дрэвам: падарожныя нарысы, дзённікі / Сяргей Законнікаў. – Мінск: Маст. літ., 1996. – 301 с.

Разам з аўтарам гэтай кнігі чытач пабывае ў многіх краінах (Італія, Сербія, Францыя, Германія, Швейцарыя), пазнаёміцца з традыцыямі, бытам, культурай еўрапейскіх народаў. Паказваючы іншае жыццё, Сяргей Законнікаў заўсёды перакідае кладку памяці да роднай зямлі, усхвалявана і заклапочана гаварыць пра сённяшні дзень, трывогі і надзеі беларусаў, якія сталі на шлях будаўніцтва незалежнай дзяржавы.

 


Мушынская, Таццяна

Джульета і экстрасэнс: аповесці, апавяданні, абразкі, мініяцюры / Таццяна Мушынская. – Мінск: Маст. літ., 2013. – 366 с. 

Дзеянне аповесці адбываецца ў абласным горадзе. У драматычны тэатр прыязджае вядомы сталічны рэжысёр, каб паставіць спектакль  “Рамэа і Джульета”. Нечакана высвятляецца: шэкспіраўскія страсці віруюць не толькі на сцэне, але і за кулісамі. У адзін клубок сплятаюцца каханне, інтрыгі, барацьба за ролі.


Андрэеў, Анатоль.

Апельсіны на асфальце: раманы, аповесці / Анатоль Андрэеў. – Мінск: Маст. літ., 2008. – 383 с.

Раман  пра каханне, пра такое каханне, якому не страшныя перашкоды ўзроставыя, рэлігійныя, маёмасныя. Пачуццё, якое выпадае перажыць яго героям, — касмічнае па сваёй прыродзе. Вось чаму мужчыны і жанчыны жывуць у горадзе Мінску, які месціцца на планеце Зямля, што ўяўляе сабой часцінку Сусвету. Аднак ў жыцці ёсць рэчы хоць і не вышэйшыя за каханне, але здольныя яму перашкодзіць…


Дудзюк, Зінаіда.

Слодыч і атрута: раман / Зінаіда Дудзюк. – Мінск: Маст. літ., 2013. – 398 с.

Раман апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, перанесеныя праз жыццёвыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніяльныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.

 

 


 

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.