На Дзятлаўшчыне ў рамках Года гістарычнай памяці прайшоў велапрабег “Ад помніка да помніка”. У ім прынялі ўдзел члены працоўных калектываў арганізацый і ўстановаў раёна, прадстаўнікі прафсаюзаў і грамадскіх аб’яднанняў, навучэнцы школ – усяго каля ста веласіпедыстаў. Стартавалі на стадыёне “Колас”, а фінішавалі каля магазіна “Санта” ў Дзятлаве. Праехалі каля дзесяці кіламетраў. Наведалі абеліск Славы, брацкія магілы ў гарадскім парку, лясным масіве недалёка ад Дзятлава па дарозе на вёску Курпяшы, ва ўрочышчы “Цагельня”, дзе ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі вянкі. Таксама велапрабег суправаджаўся кароткімі экскурсіямі. Аб кожным з памятных месцаў, дзе спынялася група, расказвала старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык.

Удзельнік велапрабега Алена Хрышчановіч, бібліятэкар аддзела фарміравання бібліятэчнага фонду Дзятлаўскай раённай бібліятэкі падзяліліся сваімі ўражаннямі: Гэта мой першы велапрабег. Прыемна, што сённяшні веламаршрут праходзіў праз памятныя мясціны нашага раёна. Увесь шлях праехалі адной згуртаванай групай. Радуе, што былі не толькі дарослыя, але і дзеці – падрастаючаму пакаленню неабходна ведаць, якой цаной нашым продкам дасталася Вялікая Перамога. Усе разам мы ўшанавалі памяць землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, таксама даведаліся ад экскурсавода штосьці новае аб кожным з мемарыялаў. Падзеі мінулага ніколі нельга забываць, трэба заўсёды памятаць пра тых, хто падарыў нам мірную будучыню.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.