Няма ў свеце большай радасці, чым радасць зносін з прыродай. Няма ў свеце лепшага лекара, чым прырода. І няма ў чалавека большай адказнасці, чым адказнасць перад прыродай і за прыроду. 20 мая ў Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы на чарговым пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Сцяжынка” была праведзена квэст-гульня “Зялёная аптэка на службе чалавека”. Бібліятэкар распавяла, як трэба правільна нарыхтоўваць і захоўваць лекавыя расліны і нагадала некаторыя асноўныя правілы збору. Затым дзеці падзяліліся на тры каманды, атрымалі маршрутныя лісты і на станцыях “Кляновая”, “Мядовая”, “Бярозавая” разгадалі крыжаванку, пагулялі ў “Поле цудаў”, адказалі на 10 пытанняў ад ліпы. Усе заданні былі на веданне лекавых раслін. На станцыі “Спартыўная” атрымалі добры зарад бадзёрасці, падвялі вынікі ў бібліятэцы, пазнаёміліся з выставай “Зялёная аптэка”.