Выбар прафесіі — гэта адзін з самых важных і адказных крокаў у жыцці кожнага чалавека. Задумацца пра свае інтарэсы, здольнасці і карысныя для будучыні навыкі школьнікам трэба ўжо сёння. Менавіта таму 29 кастрычніка супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі завіталі ў сярэднюю школу №1 г. Дзятлава імя А. М. Чурыла. Для вучняў 5 «Б» класа ў рамках праекта журфікс «Сустрэча з людзьмі розных прафесій» было падрыхтавана інфарм дасье «Вам, будучым профі: прафесіі сённяшняга дня».
Падчас сустрэчы бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з самымі запатрабаванымі, перспектыўнымі і сучаснымі прафесіямі ў Беларусі. Асаблівую цікавасць і захапленне ў юных школьнікаў выклікалі такія напрамкі, як праграміраванне, інжынерыя-робататэхніка, а таксама праца медыцынскага работніка новага пакалення.
Каб замацаваць атрыманыя веды, дзеці прынялі актыўны ўдзел у займальнай інтэрактыўнай віктарыне «Прафесіі будучыні», дзе прадэманстравалі выдатную эрудыцыю і кемлівасць. Напрыканцы сустрэчы многія навучэнцы прызналіся, што гэтае мерапрыемства прымусіла іх сур’ёзна задумацца над тым, кім яны хочуць стаць і якія веды ім спатрэбяцца, каб упэўнена крочыць у заўтрашні дзень.


